Telegram Web Link
Новая памятная дошка лекару – на гэты раз у Полацку

Месяц таму на тэрыторыі Полацкай гарадской бальніцы №1 адбылося адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар Івана Храімянкова, які ўзначальваў Полацкую чыгуначную бальніцу з 1961 па 1985 гады. Ураджэнец Смаленшчыны шмат гадоў працаваў у якасці хірурга.

Гэта чарговая памятная дошка лекару ў Беларусі. У 2020-м на Касцюковіцкай раённай бальніцы з’явілася дошка ў гонар заслужанага ўрача, першага міністра аховы здароўя Беларусі Васіля Казакова. У 2022-м на Рэспубліканскім НПЦ неўралогіі і нейрахірургіі ўстанавілі дошку ў гонар акадэміка, нейрахірурга Арнольда Смеяновіча. У 2023-м на будынку Брэсцкай дзіцячай абласной бальніцы з'явілася дошка ў гонар Людмілы Пастаялкі, заслужанага ўрача Беларусі, міністаркі ў 2002 - 2005 гадах.

Акрамя таго, у апошнія гады з’явіліся помнікі ваенным медыкам: у мемарыяльным комплексе «Азарычы» на Гомельшчыне і на тэрыторыі 1134-га ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра ў Гродна.
👍5🤔4🤮4🤨1
Лукашэнку прапанавалі стварыць на месцы канцлагера «Бяроза-Картузская» музей «нацыянальнага маштабу». Што там ужо зроблена?

На нядаўняй сустрэчы ідэолагаў дэпутат Марзалюк прапанаваў стварыць музей «нацыянальнага маштабу» пра перыяд «польскай акупацыі». І мемарыял, аналагічны «Хатыні», на месцы «адной з вёсак, знішчаных пад выглядам умацавання польскасці». Прапагандыст Гігін дадаў: ёсць грамадскі запыт на стварэнне музея. Лукашэнка адказаў, што «трэба падумаць», бо ён «не хоча даць нейкую нагоду (Польшчы для абвастрэння сітуацыі – заўв.)».

Але і без гэтага ў Бярозе фактычна ўжо дзейнічае музей. У 2021-м на фоне антызаходняй рыторыкі на месцы канцлагера рэканструявалі абеліск і адкрылі часовую экспазіцыю. У 2022-м экспазіцыя займела статус пастаяннай (на здымку). У трох залях – карцар, камеры, фатаграфіі і ўспаміны вязняў.

Адзначым, што па дадзеных даследніка Сяргея Кнырэвіча асноўнай група зняволеных у лагеры былі ўкраінскія нацыяналісты, а беларусы складалі 2-3% – прыблізна 150–200 чалавек за ўсе гады.
🤮12😁6🤡5👍4🙉2🔥1🤔1
Апытанне: пасля 2022 года сярод студэнтаў БДУ стала менш абыякавых да беларускай мовы

У апошнім нумары Acta Albaruthenica, часопіса кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, выйшла даследаванне Веранікі Бандаровіч пра самаідэнтыфікацыю моладзі. Ананімнае анкетаванне праводзілася ў лютым 2023-га сярод студэнтаў геаграфічнага факультэта БДУ, а таксама студэнтаў ваеннага факультэта, якія разам наведвалі заняткі па беларускай мове.

Было апрацавана 85 анкет. На адно з пытанняў – «Ці важная беларуская мова ў навакольным жыцці?» – у параўнанні з вынікамі папярэдніх апытанняў вырасла колькасць адказаў «важная» (26 адказаў) і «вельмі важная» (33) – яны лідзіруюць з вялікім адрывам. Папярэднія два апытанні паводзіліся ў лютым-траўні і ў верасні 2022-га.

Сярод высноваў Веранікі Бандаровіч: «усведамляецца ўсё большае значэнне беларускай мовы як атрыбута асобнай дзяржавы», «па-ранейшаму самы папулярны адказ на пытанне пра лёс беларускай мовы «залежыць ад кожнага з нас».
👍278👏5💋1
На вайсковых могілках Варшавы 29 верасня перапахаюць парэшткі пісьменніка Сяргея Пясецкага, афіцэра разведкі, салдата Арміі Краёвай, шпіёна, кантрабандыста, аўтара культавага рамана «Каханак Вялікай Мядзведзіцы»

Сяргей Пясецкі нарадзіўся ў Беларусі і апісаў у сваіх творах польска-бальшавіцкую і вайну і жыццё кантрабандыстаў на польска-савецкім памежжы.

Пісьменнік памёр у 1964 годзе і быў пахаваны ў Вялікабрытаніі, на могілках Бора ў Гасцінгсе, на яго надмагільным камяні высечаная сузор'е Вялікай Мядзведзіцы, якім карысталіся кантрабандысты, пераходзячы савецка-польскую мяжу пад Ракавам. Інстытут нацыянальнай памяці, узгадніўшы з сям'ёй Пясецкага, узяў на сябе абавязацельства эксгумаваць парэшткі пісьменніка і даставіць іх у Варшаву. Чытаць на сайце або без VPN.
22👍6🙏5🤔1
🔴 Аляксандр Пашкевіч: Да канчатковай перамогі «рускага свету» ў Беларусі далёка

Сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандр Пашкевіч у каментары Филину — пра гісторыкаў на службе ідэалогіі і чаму «рускі свет» у Беларусі яшчэ не перамог.

25 верасня ў Мінску адбылося чарговае паседжанне Рады па гістарычнай палітыцы. Кіраўнік адміністрацыі Дзмітрый Крутой абазначыў яе ўдзельнікам цэлы шэраг задач: ад складання пантэону нацыянальных герояў да актуальнага пераліку манументаў, што ўяўляюць гістарычную каштоўнасць, і шырокай інфармацыйнай барацьбы «за наш пункт гледжання і праўду».


Размова цалкам тут. 💬 Па гэтай спасылцы адкрыецца без VPN.
Please open Telegram to view this post
VIEW IN TELEGRAM
👍13🙏64🤡2🥴1😨1
Чарговая памятная дошка ў гонар абаронцаў Брэсцкай крэпасці з расійскіх рэгіёнаў

Некалькі тыдняў таму на Гарнізонных могілках Брэста, на Алеі памяці, з удзелам расійскай дэлегацыі адкрылі памятную дошку абаронцам Брэсцкай крэпасці з ліку ўраджэнцаў Уладзімірскай вобласці РФ. Гэта ўжо 12-я дошка, размешчаная там.

Дзіўная традыцыя ўзнікла ў 2023 годзе, калі пасля звароту ўладаў Чачні і Інгушэціі на Гарнізонных могілках, размешчаных недалёка ад Брэсцкай крэпасці, адкрылі Алею памяці. З таго часу там з'явіліся памятныя дошкі ў гонар ураджэнцаў Санкт-Пецярбурга, Удмуртыі, Чачні, Інгушэціі, Пензенскай вобласці і іншых рэгіёнаў РФ. У чэрвені гэтага года на Алеі з'явіліся дошкі ў гонар ураджэнцаў Масквы і Казахстана.

З улікам цікавасці ўладаў расійскіх рэгіёнаў, якія распаўсюджваюць справаздачы аб сваім удзеле ў цырымоніях, і магчымасцяў па пашырэнні Алеі памяці (на здымку) можна меркаваць, што адкрыццё памятных дошак там працягнецца.
👎14🤮5😁4👍2🤔2🤣1😨1🤪1
Якім атрымаўся падручнік па гісторыі Беларусі для студэнтаў МГУ

У апошнім нумары часопіса Rocznik Centrum Studiów Białoruskich гісторык Андрэй Калядка апублікаваў рэцэнзію на дапаможнік «История белорусских земель и белорусского государства. Краткий очерк (Под ред. В. В. Даниловича, О. В. Солоповой, Санкт-Петербург 2023, 102 с.)». Гэта першы з 1991-га сумесны расійска-беларускі дапаможнік для вну, які створаны для студэнтаў гістарычнага факультэта МГУ.

«Першае знаёмства са зместам навучальнага дапаможніка выклікае лёгкі шок. Уся гісторыя Беларусі да 1991 г. увайшла ў раздзел з назвай Гісторыка-геаграфічная даведка», – піша аўтар. У апошняй канфліктныя тэмы хаваюцца.

Напрыклад, няма аніводнага слова аб вайне паміж Расійскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай 1654 - 1667 гг. Прапушчаны сюжэт пра гвалтоўнае масавае перасяленне «вызваленага» праваслаўнага насельніцтва ў Маскоўскую дзяржаву і пра тое, як праз беларускіх майстроў і кніжнікаў у Расію пранікаў еўрапейскі ўплыў.

Працяг ніжэй
🤬11👍4😁4🤷‍♂2💩2🤪2😢1
Пачатак вышэй

У раздзеле пра сучаснасць (ён амаль цалкам пра развіццё Беларусі на чале з «мудрым» кіраўніком) не знайшлося месца Нобелеўскай лаўрэатцы Святлане Алексіевіч. Увогуле тэкст падручніка мае безаблічны характар. «Атрымалася гісторыя без герояў, прадказальна нудная і шэрая», – адзначае Калядка.

Падручнік фактычна не адпавядае патрабаванням вучэбных дапаможнікаў для вну: адсутнічае зразумелы метадалагічны падыход, матэрыял мае фрагментарны характар, не раскрыты генезіс ключавых праблем.

Нягледзячы на нізкі ўзровень першага расійска-беларускага падручніка па гісторыі, аўтар рэцэнзіі заклікае не ставіцца легкадумна да выданняў падобнага роду: «Іх сіла не ў якасці, а ў колькасці і абавязковасці выкарыстання». «У якасці процівагі русіфікатарскім тэндэнцыям у адукацыйнай прасторы закон балансу патрабуе фарміравання ўласнага плана па захаванні дасягненняў нацыянальнай беларускай гістарыяграфіі. Нават маленькія крокі могуць мець значныя вынікі, калі яны з’яўляюцца частка адзінага плана».
👍9💯4😢2🤪2🤷‍♂1
Ідэалагічна вывераны пантэон нацыянальных герояў будзе размешчаны на фасадзе Нацыянальнага гістарычнага музея

Шэсць барэльефаў з выявамі людзей, якія сімвалізуюць шэсць гістарычных перыядаў Беларусі, будуць размешчаны над уваходам у музей.

Цяпер на скульптурным камбінаце пятнаццаць майстроў працуюць над барэльефамі. У распрацоўцы першы перыяд – дадзяржаўны. На першым барэльефе размесціцца зборны вобраз трох плямёнаў — крывічоў, радзімічыаў і дрыгавічоў.

Другі барэльеф — ранняе сярэднявечча – будзе ўтрымліваць вобразы прадстаўнікоў Полацкага і Тураўскага княстваў, гэта Вячаслаў Чарадзей, Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Рагвалод, Тур, Брачыслаў Ізяславіч, Рагнеда, Ізяслаў, Юрый Яраславіч. Чытаць на сайце або без VPN.
🥴124🤔4🤮3👍2🥰1😨1
29 верасня 1529 года(496 гадоў таму) у знамянальны дзень для гісторыі Вялікага княства Літоўскага, быў зацверджаны 1-ы Статут ВКЛ — выбітны заканадаўчы акт, які стаў найважнейшым крокам у развіцці прававой сістэмы рэгіёна. Гэты дакумент не толькі замацаваў існуючыя нормы і звычаі, але і ўкараніў новыя правілы, адлюстроўваючы імкненне да цэнтралізацыі ўлады і уніфікацыі заканадаўства. Статут стаў асновай для наступных прававых кодэксаў, надаючы асаблівую значнасць правам і абавязкам грамадзян. Такім чынам, ён сведчыў аб росце эвалюцыі юрыдычнай думкі і грамадскага парадку ва ўмовах складаных сацыяльна-палітычных рэалій таго часу. Статут 1529 года набыў сімвалічнае значэнне, увасабляючы сувязь паміж традыцыяй і прагрэсам, а таксама ўмацоўваючы самасвядомасць народа.
19👍5👏1🙏1
На перапахаваньні Сяргея Пясэцкага выступіў прэзыдэнт Польшчы

https://smarturl.click/AxMEg

Сёньня ў Варшаве перапахавалі прах Сяргея Пясэцкага — удзельніка польска-савецкай вайны, выведніка і выбітнага пісьменьніка з пакручастым лёсам. Ён меў беларускае паходжаньне, шматгадовую повязь зь Беларусьсю і напісаў раманы пра бандыцкі міжваенны Менск.

Пасьля жалобнай імшы ў Катэдральны касьцёле Войска Польскага труну з прахам пісьменьніка перанесьлі на вайсковыя могілкі ў цэнтры Варшавы.

На жалобнай цырымоніі выступіў прэзыдэнт Польшчы Караль Наўроцкі.

«Сёньня больш, чым калі-небудзь нам патрэбныя гісторыя жыцьця і літаратура Сяргея Пясецкага, каб гаварыць праўду пра бальшавізм, пра камуністычную сыстэму, пра тое, якой пагрозай для Польшчы і для ўсёй Эўропы ёсьць посткамуністычная, нэаімпэрская Расея, — сказаў Наўроцкі.
15🔥4👍1🤔1
Абсурд не толькі з Баранавічамі. У Оршы таксама з’явіцца манумент «Горад працоўнай славы 1941 - 1945»

У гэтым годзе Савет кіраўнікоў дзяржаў СНД прысвоіў званне «Горад працоўнай славы 1941 - 1945» шэрагу населеных пунктаў, каб адзначыць унёсак жыхароў тылу. У спісе ў асноўным гарады Казахстана і Узбекістана, але аказаліся там таксама Баранавічы (стэлу там ужо адкрылі) і Орша, дзе ў дадзены момант ствараюць Парк працоўнай славы.

Сквер з'явіцца па вуліцы Грыцаўца на ўездзе ў горад. У траўні пры закладцы капсулы з пасланнем нашчадкам старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сяргеенка так патлумачыў прысваенне звання Оршы, якая ў вайну знаходзілася пад акупацыяй: «Нашы бацькі і дзяды змаглі ў найкароткія тэрміны аднавіць працу чыгуначнага вузла, шэрагу прадпрыемстваў. Да канца 1945 года запрацаваў Аршанскі льнокамбінат».

У парку будзе ўсталявана стэла «Горад працоўнай славы 1941 - 1945 гады». Пакуль жа мясцовыя жыхары скардзяцца, што з-за будаўнічых работ і адсутнасці тратуараў ім даводзіцца хадзіць па гразі.
😁14🤪4🤔2😐1👀1
Выйшла кніга «Райскі бераг: беларуская зямля ў I-XV стст.»

Аўтар выдання, якое разлічана на шырокае кола чытачоў, – літаратуразнавец і гісторык Іван Саверчанка. У нарысе раскрыты цывілізацыйныя вытокі, зараджэнне і станаўленне беларускай народнасці ў I - XV стст. Прасочваецца ўзнікненне першых гарадоў і княстваў на беларускай зямлі. Асветлена мужнае змаганне продкаў беларусаў са знешнімі ворагамі.

Выяўлена роля вуснай народнай творчасці, пісьменства і літаратуры ў духоўна-культурным збліжэнні славянскіх плямёнаў. Паказана ўздзеянне пісьменнікаў-інтэлектуалаў, палітычных і духоўных лідараў на аб’яднаўчыя працэсы ў краіне, умацаванне беларускай ідэнтычнасці. У кнізе 439 старонак.
👍18🤔83👏2
Памяць без герояў — гэта ўжо не памяць

Беларускія ўлады прэзентавалі «пантэон», дзе няма Вітаўта і Быкава. Аляксей Ластоўскі, акадэмічны дырэктар нашага Інстытута, у каментары Belsat адзначае: такім чынам у грамадства свядома забіраюць частку гісторыі. А значыць, гаворка ідзе не пра ўшанаванне, а пра маніпуляцыю памяццю.
👍12🤪1
Аўтар даследавання «Нацыянальная палітыка Польскай дзяржавы на Палессі ў 1921 - 1939 гадах» атрымаў прэмію Крушэўскіх

Тыдзень таму падчас III Кангрэса даследчыкаў гісторыі Літвы, Польшчы, Украіны і Беларусі ў Варшаўскім універсітэце адбылася цырымонія ўручэння прэміі імя Ядвігі і Збігнева Крушэўскіх. Узнагароджвалі аўтараў найлепшых доктарскіх дысертацый на тэму польскіх межаў у ХХ ст. Першую прэмію атрымаў Павел Абламскі (на здымку злева) – за выданне «Нацыянальная палітыка Польскай дзяржавы на Палессі ў 1921 - 1939 гадах», якое выйшла летась.

У яго даследаванні расказваецца, як Палессе аказалася прасторай канкурэнцыі нацыянальных праектаў (беларускага, украінскага, польскага), якімі былі наступствы перапісу насельніцтва ў 1931-м у Палескім ваяводстве (большасць назвала роднай мовай «тутэйшаю»), якімі былі спробы асіміляваць і паланізаваць палешукоў.

Некалькі год таму прэстыжныя прэміі ў Польшчы атрымала кніга Славаміра Лотыша «Пінскія балоты. Прырода, веды і палітыка ў польскім Палессі да 1945 года».
👍16🔥3👏3🤔1
Гісторык з ЗША выдаў серыю кніг пра барацьбу Гітлера супраць партызан у Беларусі

Antonio J Muñoz піша, што 20 год вывучаў архівы краін Еўропы і ЗША. Вынікам стаў выхад англамоўнай серыі пра партызан на Усходнім фронце – значная частка матэрыялу прысвечана падзеям у Беларусі.

У маі пабачыла свет кніга «Вайна Гітлера супраць партызан падчас аперацыі «Барбароса», чэрвень 1941 г. - вясна 1942 г.». Летам – «Вайна Гітлера супраць партызан падчас Сталінградскай аперацыі, вясна 1942 г. - вясна 1943 г.».

У лістападзе пабачыць свет «Вайна Гітлера супраць партызан падчас Курскай наступальнай аперацыі, вясна - восень 1943 г.». Серыю завяршыць кніга «Вайна Гітлера супраць партызан падчас аперацыі «Баграціён», вясна - лета 1944 г.».

На думку аўтара, яго праца — адзіная на Захадзе, якая ахоплівае практычна ўсе аперацыі паміж найбуйнейшай партызанскай арміяй, якую бачыў свет, і антыпартызанскімі сіламі Трэцяга рэйху. Выданні раскрываюць чытачам вочы на малавядомы канфлікт у тыле, не менш жорсткі, чым на фронце.
👍16🙈3🔥2👎1👏1🌚1
У Белаазёрску адкрылі помнік беларускай крэветцы. Разгледзілі яго ўважліва

Навіна, якая гучыць крыху як анекдатычная (улічваючы ўсе гісторыі з імпартазамяшчэннем), агаліла два трэнды – дадатны і адмоўны.

Першае – у варунках ідэалагічнай дзяржаўнай мабілізацыі даводзіцца радавацца скульптурным аб'ектам, якія падкрэсліваюць адметнасці рэгіёну (крэветкі нідзе больш у мясцовай прыродзе не водзяцца, акрамя возера Белага каля Белаазёрска).

А другі трэнд у тым, што скульптура выклікае пэўныя сумненні ў яе эстэтычных якасцях. Як быццам крэветку хацелі ахінуць дзяржаўным сцягам ды ў апошні момант пасаромеліся. З іншага боку, заўважае скульптар, да якога мы звярнуліся па каментар, крэветка чалавечых памераў з'яўляецца жудасным стварэннем з фільмаў жахаў, таму рамантызаваны антураж вакол яе не зашкодзіць. «Калі б твор быў замоўлены больш прафесійнаму аўтару, то, магчыма, выглядаў бы ён лепш. Аднак вялікай колькасці прафесійных скульптараў сёння не даюць магчымасці працаваць у Беларусі», - кажа наш эксперт.
😁7🤷‍♂4💯1😐1👾1
2025/10/26 16:47:34
Back to Top
HTML Embed Code: