Telegram Web Link
Год сканчаецца, а значыць прыйшоў час абраць найлепшыя альбомы. Калі, так бы мовіць, у сусьветным маштабе мне вельмі спадабаліся сёлетнія рэлізы, то польская музыка, хутчэй, расчаравала. Летась быў цэлы россып шыкоўных альбомаў, якія надоўга застануцца ў мяне ў плэйлісьце, а ў гэтым хіба толькі на топ-5 назьбіраў. Праўда, паказвае практыка, што празь нейкі час трапяцца рэлізы, якія я проста своечасова не заўважыў і якія вартыя былі б быць у сьпісе лепшых, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Таму, пачынаем.

5. sanah „UCZTA”

Пра Зузанну Юрчак я ўжо пісаў, таму моцна паўтарацца ня буду. Альбом „UCZTA” — адзін з найбольш пасьпяховых рэлізаў года па ўсіх паказчыках. Гэта якасная поп-музыка з добрым прадусаваньнем, запамінальнымі мэлёдыямі і прадуманымі аранжыроўкамі. Усе песьні на ім запісаныя сумесна зь іншымі польскімі выканаўцамі. Галоўны гіт — калябарацыя з Дар'яй Завялаў Eldorado. Танцавальная, але, кранальная па зьмесьце песьня — ода роднай (для sanah) і любімай (для Завялаў) Варшаве. Mokotowskie moje sny замест american dream — гэта крута! Іншы радыё-гіт — ostatnia nadzieja — яшчэ адна вельмі прыгожая і лірычная кампазыцыя ў мажорным ладзе, запісаная з галоўнай зоркай краіны Давідам Падсядлам. Варта паслухаць і паглынуцца і ў іншыя песьні. Напрыклад, Mamo tyś płakała інсьпіраваная творам «Прасьнічка» знакамітага беларускага і польскага паэта-рамантыка Яна Чачота, пакладзенага ў свой час на музыку выбітным беларускім і польскім кампазытарам Станіславам Манюшкам, а ў Tęsknię sobie, запісаную з Артурам Роекам, цытуецца адзін з галоўных рок-гімнаў Польшчы „Autobiografia” гурта Perfect. Карацей, на альбоме „UCZTA” дастаткова цікавых музычных момантаў і рэфрэнсаў. У топ-5 дакладна мусіць быць :)
Працягваю падводзіць уласныя вынікі году ў польскай музыцы. На чарзе — наступны альбом.

4. Lochy i Smoki „Mog​ł​em zostać w domu i grać w gry”

Назва гэтага шчэцынскага панк-гурта перакладаецца проста як Dungeons and Dragons ці «Лёхі і цмокі». У беларускай мове «падзямельле» таксама можа быць «лёхам» ці нават «лёхай», калі глядзець слоўнік Крапівы. Але ня будзем паглыбляцца ў лінгівстыку — слухаем музыку.

Гэта такі дабротны панкешнік са скрымавым вакалам — адначасова вельмі мэлядычны і даволі агрэсыўны. Музыкі захапляюцца, як зразумела з назваў і гурта, і альбома, гульнямі, а таксама фантастыкай, фільмамі Лінча, музыкай Minor Threat і Blink 182… Карацей, усякімі такімі штукамі, характэрнымі для майго пакаленьня (кліп на песьню „Kosmiczne Przygody Galaktycznej Drużyny” толькі пацьвярджае гэта, ахаха). За дзесяць гадоў існаваньня яны выпусьцілі два альбомы, адыгралі шмат клюбных канцэртаў, але выступалі і на буйных фэстах, кшталту Jarocin Festival. Для шырокай аўдыторыі Lochy i Smoki амаль не вядомыя, а вось аматарам панка і рознага эмакора, такое мусіць спадабацца.
3. Żurkowski „KURZ”

Żurkowski — гурт вакаліста, гітарыста, кампазытара і аўтара песень Лукаша Журкоўскага. Не сутыкаўся зь ягонай творчасьцю да зьяўленьня „KURZ”, хоць гэта ўжо і другі альбом праекту. Сам Лукаш жыве больш за дзесяць гадоў у Вялікай Брытаніі, але сьпявае па-польску, а ў складзе гурта — толькі палякі. Музыкі граюць так званы альтэрнатыўны рок. Можна было б сказаць нават тыповы польскі рок, але адчуваецца ўплыў розных музычных плыняў і нейкі нетутэйшы вайб. Можна было б параўнаць Żurkowski з Ørganek, зь якім нават запісаны сумесны трэк на альбоме („Western”), але Żurkowski агулам гучыць нашмат больш разнайстайна: шмат клявішных, зьменаў тэмпу, запамінальных рыфаў. Альбом раскрываецца пад канец, калі ад радыё-фарматных песень Лукаш пераходзіць да прог-рокавых („ZBJ”) і псыхадэлічных элемэнтаў („Ostatni raz”), і калі зьяўляюцца адгалоскі іншых польскіх рок-зорак, накшталт Coma („Stoję sam”) ці Myslovitz („Wynik stresu”). Агулам атрымалася вельмі моцная і разнастайная праца, дзе ёсьць месца і стадыённага маштабу пога-гітам, і больш экспэрымэнтальным кампазыцыям.
2. BOKKA „Blood Moon”

Музыку інды-гурта BOKKA у Польшчы часам параўноўваюць з Röyksopp ці Fever Ray, а голас вакалісткі з Björk. Спробы знайсьці нейкія падабенства робяцца не толькі з жаданьня апісаць творчасьць, але і праз тое, што трыа застаецца ананімным ужо дзевяць гадоў! Музыкі выступаюць у масках і нідзе не пазначаюць імёны. Некаторыя нават лічаць, што адным з удзельнікаў гурта зьяўляецца ўсюдыісны Давід Падсядла. На гэта намякае прадусаваньне новага альбома Даніэлям Вальчакам, які працаваў з Падсядлам. Гэта ўсё здагадкі, галоўнае, што музыка ў гурта вельмі годная. У свой час пра іх пісаў нават Pitchfork, а ў Польшчы BOKKA выступілі бадай на ўсіх буйных фэстах. Новы альбом „Blood Moon” — касмічна-псыхадэлічны па настроі і гуку з трансавым бітам, атмасфэрнымі сінтыпопавымі сынтызатарамі і гулкім раскацістым вакалам. Тут можа няма вялікіх гітоў, але ўсё разам слухаецца суцэльна, як вялікі канцэптуальны твор.
1. KARAŚ/ROGUCKI „Czułe kontyngenty”

Развал Coma для мяне стаў вялікай трагедыяй. Гэта адзін з улюбёных гуртоў не толькі ў Польшчы, а ўвогуле. Я толькі аднойчы патрапіў на іх выступ, і тое ў межах канцэрту Europejski Stadion Kultury. Цяпер вельмі шкадую, што не зьезьдзіў калісьці адмыслова на сольнік гурта. Не любіць голас Пятра Рагуцкага немачыгма, таму я рады, што ён працягнуў дзейнасьць у іншым праекце. Праўда, KARAŚ/ROGUCKI — гэта ўжо поп-музыка. Ніякіх цяжкіх гітар, пераважна электроніка. За яе як раз адказвае Якуб Карась, які раней граў у The Dumplings. Справа Рагуцкага — тэксты і вакал.

Першыя рэлізы мяне не зачапілі падаваліся надта простымі, але новы альбом выглядае больш разнакаляровым. Музыкі выкшталцона жанглююць настроямі, пераходзячы ад бесклапотных танцавальных нумароў у першай частцы рэліза („Bezpieczny lot”, „Latem pływam nago w czystej wodzie”, „Brunatny”) да рамантычнай лірыкі („Zobacz jak się pięknie pali”, „Film”), сканчаючы фактычна вяртаньнем Рагуцкага ў часы Coma з калярокавымі балядамі („Zapasowy tlen”, „Mniej niż więcej”, „Czułe kontyngenty”). Для мяне — №1 у 2022 годзе ў польскай музыцы!
Сёньня Вігілія, заўтра Сьвята Божага Нараджэньня, хутка Новы год — галоўныя зімовыя сьвяты цывілізаванага сьвету. Няважна дзе і як вы будзеце сьвяткаваць, у пэўны момант вам захочацца паслухаць сьвяточную музыку. Думаю, што Last Christmas і розныя Jingle Bells усім ужо надакучылі, таму прапаную замяніць іх зімовымі альбомамі Lady Pank. Я разумею, што я ўжо ўсіх задзяўбаў гэтым старпёрствам, але зараз даверцеся мне. «Гэта не калядкі, як іншыя артысты запісваюць перад сьвятамі, а проста песьні, якія адносяцца да Калядаў, кажуць пра духоўнасьць, простыя, але вельмі важныя пачуцьці і эмоцыі. Іншымі словамі, зьявы, якія, незалежна ад рэлігіі або веры, унівэрсальныя і зразумелыя кожнаму», — такі тэкст можна знайсьці ў прэс-рэлізе да аднаго з выданьняў альбому, і ён лепшым чынам характэрызуе Zimowe graffiti. Гэтыя песьні, сапраўды, цудоўна спалучаюцца з калядным настроем і новымі фарбамі раскрываюць талент Яна Барысевіча і Януша Панасевіча. Альбом выйшаў у 1996 годзе, а праз два дзесяцігодзьдзя музыкі зрабілі другую плытку з новымі творамі.

А бонусам нагадаю пра годны беларускі калядны альбом. Напярэдадні сьвяткаваньня прыходу новага стагодзьдзя зьявіўся супольны праект «Сьвяты вечар» — па сутнасьці, працяг «Народнага альбому» і прадвесьнік альбому «Я нарадзіўся тут». У ім прынялі ўдзел Лявон Вольскі, Вераніка Круглова, Зьміцер Вайцюшкевіч і іншыя нашыя зоркі. Яны прасьпявалі калядныя гімны, а таксама зрабілі ўласныя сьвяточныя кампазыцыі. Напрыклад, менавіта для гэтага праекту Аляксандр Памідораў запісаў сваю знакамітую «Цуд на Каляды». Карацей, дадавайце ў плэйліст. Праўда, знайсьці цяпер запісы даволі складана, таму пераходзьце на канал-рэквіем «222 альбомы беларускага року і ня толькі», дзе ёсьць і ўсе трэкі, і сканы буклета з тэкстамі песень.
На днях выйшаў дэбютный лонгплэй Radioslam. Гурт існуе з 2015 году, выпусьціў за гэты час дзясятак сінглаў, шмат пакатаўся па польскіх фэстывалях, але да альбому сасьпеў толькі цяпер. І, здаецца, своечасова. Аднайменны дэбютнік — вельмі дарослая і прадуманая праца. Гэта якасная гітарная інды-музыка з учэпістымі рыфамі і драйвовымі прыпевамі. Спрадусаваў альбом Марцін Борс, які працаваў над шматлікімі рэлізамі значных польскіх зорак, накшталт Hey, Muchy ці Happysad. Музыкам і прадусару атрымалася захаваць сыраватую рокавую энэргію, пры гэтым зрабіўшы вельмі якасны гук. Ну, а для беларусаў альбом будзе яшчэ больш блізкім, бо сьпявае і грае на гітары тут Стас Ламакін, голас гурта The Toobes. Захапляюся ягонаму імпэту і адданасьці рок-музыцы!
Забаўны навагодні скандал у Польшчы з кіруючай (пакуль яшчэ) партыяй PiS і гуртам Black Eyed Peas. Музыкаў паклікалі на навагодні канцэрт Sylwestrze Marzeń для канала TVP2. Спачатку запрасілі Мэл Сі, але яна адмовілася ўдзельнічаць праз кансэрватыўную палітыку партыі і канала. Black Eyed Peas не адмовіліся, затое выйшлі ў этэр зь вясёлкавымі павязкамі ў падтрымку ЛГБТ-супольнасьці, а таксама зрабілі прамову ў падтрымку ўсіх прыгнечаных. Фронтмэн гурта will.i.am потым яшчэ запісаў відэа, дзе патлумачыў, што яны «Black Eyed Peas. P-E-A-S. Не Black Eyed PiS, P-I-S».

Мясцовыя пурысты раз'юшаныя, а дэпутат Сейма Януш Кавальскі гучна абураецца «гомапрапагандзе за мільён даляраў» на тэлевiзiі. Дарэчы, гэта той самы палітык, які казаў, што ЛГБТ трапляе ў дзіцячыя садкі праз каляровыя алоўкі. Карацей, у кожнай краіне ёсьць закаравелыя папулісты, якія імкнуцца да ўлады. Задача грамадзтва — своечасова гэта спыніць. А пакуль паглядзіце, як гурт выканаў знакамітую Let's Get It Started.
Batushka — зьява сусьветнага маштабу ў мэтал-музыцы. Спалучыць праваслаўныя царкоўныя сьпевы з блэк-мэталам — дзёрзкая ідэя. Але з улікам грунтоўнага падыходу і якаснага запісу — шэдэўральная.

Дэбютны альбом «Литоургиiа» складаецца з васьмі екценій — малітоўных прашэньняў. Кажуць, што іх арыгінальныя тэксты былі крыху пераробленыя, каб перагарнуць царкоўны зьмест дагары нагамі, як крыжы на аблачэньні музыкаў. Я нічога не разумею ў багаслоўі, ня ведаю, які ўзровень блюзьнерства закладзены «бацюшкам», але разам зь цяжкім гукам і скрымавым вакалам гэтыя сьпевы гучаць проста эпічна.

Пэўны час было невядома, хто хаваецца пад шыльдай Batushka. Апынулася, што гэта польскія музыкі Кшыштаф Драбікоўскі (ён жа Хрыстафор) і Барталамей Крысюк. Яны зь Беластоку. Вядома ж, да гурта ўзьніклі пытаньні ў такіх высокамаральных краінах, як Беларусі і расея, дзе іх выступы забаранілі. Але, напрыклад, на канцэрт ва Ўкраіне мы з Сашам Чарнухам пасьпяхова зьезьдзілі. І ён застанецца адным з найбольш уражальных у маім жыцьці. Музыкам атрымалася перадаць царкоўную эстэтыку не толькі ў гуку, але і ў атмасфэры: «алтар», «іконы», ладан…

Здавалася б, у такой музыкі няма ніякага камэрцыйнага патэнцыялу, але праект займеў вялікі посьпех. І тав. Крысюк вырашыў «адціснуць» гурт у Хрыстафора, які ўсё прыдумаў. Крысюк (шматзначна гучыць ягонае прозьвішча ў кантэксьце гэтых падзей) захапіў акаўнты гурта, перааформіў дакумэнты на сябе і цяпер катаецца і запісваецца з новым складам Batushka. Праўда, гэта ўсё выглядае куды менш цікава, чым першыя запісы. Але гэта не перашкодзіла падпісаць яму нядаўна кантракт з Napalm Records і ўжо заплянаваць агромны тур па ЗША, Мэксыцы, Японіі і Аўстраліі ў наступіўшым годзе.

Хрыстафор справу ня кінуў. Ён нават судзіўся з Крысюком, а потым зрабіў новы праект з кірылічнай шыльдай «Батюшка». У 2019-м выйшаў альбом «Панихида», які дакладна вышэй на галаву таго, што робіць раскольшчык. Паралельна цяпер існуюць і выступаюць два «бацюшкі». Згадзіцеся, якая цікавая сама гісторыя: можна нават абіраць сабе дагмат.
І троху фота з таго самага кіеўскага канцэрту ад Metalzine
Творы Якуба Скарупы мне пэрыядычна трапляліся, але асабліва не чалялі. А надоечы я пачуў песьню Pamiętnik z okresu dojrzewania, якая мне запала ў душу. Гэта проста квінтэсэнцыя падлеткавага жыцьця і настальгіі па ім. Нічога лепш на гэтую тэму з часоў „Z twarzą Marylin Monroe” я ня чуў.

Słucham Kazika, Nirvany, The Doors
Rodzice kłócą się od świąt
Ja w szklanej rurce przypalam kość
Do matury jeszcze rok

У маім выпадку замяні толькі Казіка на N.R.M. (пра Казік даведаўся пазьней, а люблю, як тут ужо ўсе заўважылі, больш Lady Pank), а kość — на піўка. Цудоўны вайб бесклапотнага жыцьця, пра якое толькі застаецца ўзгадваць.
У Польшчы прыемна ўражваюць адносіны да кружэлак. Гэта, канешне, не ўзровень вінілавага рэнесансу ў ЗША ці Вялікай Брытаніі, але і крамаў хапае, і ўсе сьвежыя альбомы набыць можна, у тым ліку польскіх музыкаў. Здаецца, усе мясцовыя зоркі выпускаюць лонгплэі такім чынам.

Больш за тое, некаторыя і перавыдаюць старыя рэлізы. Вось зьявілася навіна пра выпуск бокс-сэту гурта Kult, якому ў гэтым годзе спаўняецца 41 год. Чатыры плыты з найлепшымі творамі, разьбітымі па дзесяцігодзьдзях, з рэмастэрынгам і іншымі сюрпрызамі. Канешне, гэта забаўка для фанатаў. Але як прыгожа!
У Spotify любы карыстальнік можа ствараць плэйлісты і дзяліцца імі. Часам вядомыя музыкі робяць такія плэйлісты і дадаюць іх на свае старонкі. Гэта і магчымасьць паглядзець, чым натхняюцца розныя гурты, і крыніца новай музыкі для сябе. Сярод польскіх зорак гэта распаўсюджаная практыка. У таго ж Давіда Падсядла больш за тузін падборак на старонцы. У Дар'і Завялаў адзін, але які густоўны — паглядзіце.

Але я хачу падзяліцца плэйлістом ад беларускага гурта Nürnberg, які ўчора выпусьціў новы міні-альбом. Абавязкова паслухайце яго і іншыя рэлізы музыкаў. Пра іх мала ведаюць у нас, хоць за мяжой у іх слухачоў вельмі шмат, а на Spotify мільёны праслухоўваньняў! На іх старонцы ёсьць яшчэ і цікавыя плэйлісты, у тым ліку з падборкай польскага пост-панку. Гэта добрая магчымасьць азнаёміцца з гэтым стылем у Польшчы, асабліва калі вы аматар такой музыкі.

P.S. Малюнак стварыла нэўрасетка DALL·E па запыце image for polish post punk band like joy division cover of unknown pleasures album 🤔
Długość dzwięku samotności — галоўны гіт Myslovitz і адна з самых пазнавальных песень у гісторыі польскае музыкі. Яна была напісана ў 1999 годзе і выйшла на альбоме „Miłość w czasach popkultury”, найбольш пасьпяховага ў гісторыі гурта. Нават на менскім канцэрце Myslovitz, у арганізацыі якога я прымаў непасрэдны ўдзел, уся заля сьпявала разам з музыкамі. На сваіх канцэртах Артур Роек грае не так шмат песень зь ня сольнае творчасьці, але „Długość dzwięku samotności” — заўжды ў сэт-лісьце.

На летнім канцэрце ў Хожуве „Długość dzwięku samotności” выканаў і Давід Падсядла. Як апынулася, яе ён сьпяваў яшчэ ў 2005 годзе ў 12-гадовым узросьце, калі ўпершыню выйшаў на сцэну. Гэтыя кадры зьявіліся перад 65-тысячным натоўпам, а потым на сцэне зьявіліся і Падсядла з Роекам. Заўчора Давід выклаў гэта відэа на сваім канале. Паглядзіце, гэта ўражвае!
У Pidżama Porno ёсьць песьня Chłopcy idą na wojnę. Яна была прэзэнтаваная на альбоме „Marchef w butonierce” у 2001 годзе, увайшла ў зборнік „Pidżamówka”, прысьвечаны 35-годзьдзю гурта, а таксама вярнулася ў канцэртны рэпэртуар гурта ў мінулым годзе. Пераказваць зьмест няма сэнсу, але нават з назвы зразумела пра што гэта песьня. Яна наўпрост пераклікаецца са знакамітым антываенным гімнам «Дзе кветкі?» (беларускамоўную вэрсыю якога, дарэчы, надоечы зрабіў Лявон Вольскі), але Грабаж дадаў уласьцівай яму іроніі і шчырасьці.

Але зараз недастаткова быць проста за мір ва ўсім сьвеце, і як раз Pidżama Porno гэта добра разумеюць. Пра тое і апошні выдадзены на дадзены момант сінгл гурта „Buczy”, і ўкраінскія сьцягі падчас выступаў, і канкрэтныя словы са сцэны, і дапамога па-за сцэнай.
Сёньня выйшлі альбомы адразу ў двух вэтэранаў польскага року — Myslovitz і Farben Lehre.

Myslovitz адзначаюць 30-годзьдзе дзейнасьці, але не сказаць, што гурт перажывае добрыя часы. Пасьля адходу да сольнай дзейнасьці Артура Роека ў 2012 годзе вакалістам стаў Міхал Кавалёнак, але і ён празь нейкі час вырашыў пакінуць гурт. З 2019 году фронтмэнам зьяўляецца Матэўш Пажыменса, якому было сем гадоў, калі Myslovitz выпусьцілі свой першы альбом. Нягледзячы на пературбацыі Myslovitz актыўна выступаюць, а цяпер выдалі і новы альбом, праца над якім вялася, між іншым, на студыі Abbey Road. На Wszystkie narkotyki świata хапае добрых мэлёдый, якасных аранжыровак, але мяне ён пакуль не зачапіў. Магчыма, трэба паслухаць яшчэ пару разоў.

З Farben Lehre усё прасьцей. Войцэх Войда зь сябрамі ўжо 37 гадоў робіць прыкладна аднолькавую музыку — вясёлы панк-рок, пад які файна прыгаць на фэстывалі ці піць піва зь сябрамі ў бары. На альбоме Na zdrowie (праўда, назва шмат пра што кажа? :) усё, што падабаецца ў Farben Lehre: хваля пога-баявікоў зьмяняецца мернымі рэгі-песенькамі ці ўласнай акустычнай вэрсіяй „Bella ciao”.
2024/05/29 02:14:18
Back to Top
HTML Embed Code: