Адзінае магчымае прыгадванне вясны ў віншаваннях з 8 сакавіка — гэта прыгадванне «Вясны» 😉

Віншуем з Днём салідарнасці жанчын у барацьбе за свае правы! З гонарам знаёмім вас з сяброўкамі, паплечніцамі, каляжанкамі — супрацоўніцамі «Вясны» — і перадаём іхныя зычанні.
Ці бяспечна чытаць ВСВ з Беларусі?

Пакуль Валанцёрская служба «Вясны» не прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем», таму па законе пераследваць вас не могуць ані за падпіску на наш канал, ані за каментары, ані за рэпосты. Але ў краіне, дзе «часам не да закону», можа быць усялякае. Таму, калі вы знаходзіцеся ў Беларусі, мы раім выяўляць асцярожнасць і як мага памяншаць рызыку.

— У Інстаграме: не варта падпісвацца і каментаваць нашыя публікацыі з адкрытых акаўнтаў і акаўнтаў, па якіх вас лёгка пазнаць. Таксама лепей не рабіць у такія акаўнты рэпосты. Калі хочацца сачыць за намі, але не хочацца закрываць акаўнт, — заходзьце ў наш профіль праз пошук, а пасля чысціце гісторыю.

— У Телеграме: тут таксама самы бяспечны спосаб сачыць за намі — гэта чытаць, не падпісваючыся і чысцячы гісторыю пошуку. Але калі хочацца атрымліваць уведамленні і не губляцца, можна стварыць асобны тэлеграм-акаўнт для патэнцыйна чуллівага кантэнту. Яго вы зможаце выдаліць цалкам пры любой пагрозе, не баючыся згубіць асабістую інфармацыю.

Па больш падрабязную кансультацыю адносна анлайн-бяспекі звяртайцеся да спецыялістаў — напрыклад, да КіберБабра.

Беражыце сябе ❤️‍🩹
🌟 Пра асветніцкі мікрапраект Валанцёрскай службы

Прывіт! Мы спрабуем не ператвараць гэты тэлеграм у дубль іншых сацсетак, але хочам падзяліцца важным. Мы стварылі серыю асвеніцкіх відэа пра свабоду слова — ці, дакладней, свабоду выяўлення меркавання. Гэтыя відэа адказваюць на базавыя пытанні, якія часам няёмка задаць, ды і здаецца, каму патрэбная тэорыя? Але як раз такія пытанні вельмі важныя: зразумеўшы іх, разумееш і спрэчныя моманты адносна рэальных сітуацый.

Відэа выходзяць у нашым інстаграме ў сярэднім раз на тыдзень, адшукаць першыя тры можна ў раздзеле Reels. Вельмі заклікаем глядзець, лайкаць-рэпосціць ды дасылаць паплечні_цам: верым, што разуменне асноваў правоў чалавека карыснае кожна_й паасобку і грамадству агулам 🫶
Каб усвядовміць гэтую колькасць, можна паспрабаваць далічыць да яе ўслых. Каб усвядоміць, што за кожнай лічбай стаіць чалавек, — паспрабаваць прамовіць імёны. На якой лічбе саб’емся? На якім імі знікне голас?

21 траўня — Дзень палітвязняў, і сёння, як і штодня, мы заклікаем да салідарнасці. Ведаем, што думка пра «больш за паўтары тысячы» можа пужаць. Але і верым: менавіта ў дзеяннях, нават маленькіх, ляжыць адказ адчаю і бяссіллю.

Пампуйце чэкліст простых дзеянняў падтрымкі і выконвайце іх. Памятайма, выяўляйма салідарнасць і — свабоду ўсім палітзняволеным!
Абсалютнае права — гэта такое права чалавека, парушаць якое дзяржава не можа ні пры якіх умовах. Абсалютным не з’яўляецца нават права на жыццё, але права на свабоду ад катаванняў — з’яўляецца, і ў Беларусі яно працягвае парушацца.

26 чэрвеня — Міжнародны дзень супраць катаванняў*. Сёння мы прыцягваем асаблівую ўвагу да не самых відавочных відаў жорсткага абыходжання і сцвярджаем: катаванні — гэта не толькі фізічны гвалт, але і парушэнне ўмоваў утрымання за кратамі.

Вось толькі найважнейшыя парушэнні, што адбываюцца ў месцах пазбаўлення волі з 2020 года:

- Зняволеным не тлумачацца правы і абавязкі;
- Камеры перазапаўняюцца, а матрацаў, коўдраў, прадметаў асабістай гігіены вязням не выдаюць;
- Адсутнічае ў дастатковай колькасці піццёвая вада і ежа, іх якасць выклікае пытанні;
- У камер кепскі і нават антысанітарны стан, адсутнічае ацяпленне і вентыляцыя;
- Да палітвязняў назнарок падсяляюць людзей з выяўнымі сімптомамі інфекцыйных захворванняў;
- На працягу доўгага часу адсутнічаюць прагулкі,
- Зняволеным не выдаюць ручкі і паперу для напісання скаргаў і заяваў,
- Ім перарываюць сувязь са знешнім светам — у тым ліку, ліставанне і камунікацыю з адвакатамі.

Усё гэта можа падацца нязначным на фоне фізічнага гвалту і пагрозаў жыццю, але няважных парушэнняў правоў чалавека няма 💔 Таму нам здаецца патрэбным ведаць пра ўсе і змагацца з усімі.

*Для самых цікаўных: сённяшні дзень адзначаецца ў гонар даты, у якую набыла моц Канвенцыя ААН супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання. Мы вельмі раім з ёю пазнаёміцца.
Прывіт! Гэты канал – афіцыйна «экстрэмісцкі»: улады ўнеслі яго ў свой (абсурдны) спіс. Распавядаем, што гэта значыць для вас і што рабіць.

Самае важнае: цяпер беларускія праваахоўнікі могуць затрымліваць за падпіску на наш канал — і гэта будзе лічыцца «законным». Вось галоўныя парады, як паклапаціцца пра сваю бяспеку, калі вы знаходзіцеся ў Беларусі.

- Адпішыцеся ад нашага канала. Самы бяспечны спосаб сачыць за намі — гэта чытаць, не падпісваючыся і чысцячы гісторыю пошуку.

- Калі ўсё ж хочацца атрымліваць уведамленні і не губляцца, можна стварыць асобны тэлеграм-акаўнт для патэнцыйна чуллівага кантэнту. Яго вы зможаце выдаліць цалкам пры любой пагрозе, не баючыся згубіць асабістую інфармацыю. Але, калі ласка, узважвайце рызыкі.

- Не публікуйце скрыншоты з нашага канала, не перасылайце нашы паведамленні ў вялікія чаты. Калі перасылаеце іх ў асабістыя ліставанні, выдаляйце пасля прачытання.

- Пачысціце старыя ліставанні і выдаліце спасылкі на наш канал і перасланыя паведамленні.

- Каб атрымаць больш глыбокую кансультаыю адносна анлайн-бяспекі, звяртайцеся да спецыялістаў — напрыклад, да @CyberBeaverBot.

Наш інстаграм (пакуль) экстрэмісцкім не прызналі — на яго можна падпісацца, але мы ўсё адно заклікаем узважваць рызыкі. Ну а для тых, хто адчувае сябе зусім у бяспецы, — заставайцеся з намі! Назло ўсім спісам тут плануецца прыемная актыўнасць :)
🚀 Добрыя навіны, самаадукацыя і парады ад вясноўцаў

Сваёй мэтай мы абралі надаваць веру ў святло пасярод усяго гэтага змроку, і таму прыдумалі такую штуку. Рэгулярна мы будзем дзяліцца:

- Адной навіной з галіны правоў чалавека, якая падцвярджае: мы як від усё ж рухаемся да больш роўнага, інклюзіўнага, гуманнага і справядлівага свету.

- Адным артыкулам ці іншым адукацыйным матэрыялам, а мабыць і першакрыніцай права. Знаёмства з імі зойме да 10 хвілін, каб час на самаадукацыю дакладна знайшоўся.

- Адной парадай ад вясноўцаў пра тое, за чым правесці вольны час — ды так, каб і цікава, і пра правы чалавека даведацца 👀 Будзем прасіць калег раіць фільмы, кнігі, гульні і што толькі прыйдзе ім у галаву!


І ў першым выпуску нашага шоў — дзеяздольнасць для ўсіх, важны міжнародны дакумент і класнае кіно пра фемінізм ды змаганне за свае правы.


🌟 Добрыя навіны: Мексіка надае поўную дзеяздольнасць людзям з інваліднасцю і людзям сталага веку.

Чаму гэта важна: дзеяздольнасць — тое, што дае магчымасць карыстацца большасцю іншых правоў самастойна. Прызнаны недзеяздольным чалавек фактычна не можа вызначаць сваё жыццё і на побытавым, і на сацыяльна-палітычным узроўні: замест яго гэта вызначае апякун.

У чым змены: замест апякунства паўстае мадэль прымання рашэнняў пры падтрымцы. Цяпер чалавек можа прызначаць трэцюю асобу, якая будзе дапамагаць яму ў рэалізацыі сваіх правоў. То-бок ён робіцца паўнавартасным гаспадаром свайго жыцця — і гэта вельмі важнае дасягненне ў правах чалавека.

Чытаць інтэрв’ю пра важнасць гэтага законапраекта і ўсеагульнай дзеяздольнасці (па-англійску)
Глядзець цікток пра законапраект (па-іспанску з англійскімі субтытрамі)


📚 Самаадукацыя: даведацца пра Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах (зойме прыкладна 5 хвілін)

МПГПП — адзін з найважнейшых міжнародных дакументаў у галіне правоў чалавека. Тут вы знойдзеце асноўныя звесткі пра сам пакт і пра два факультатыўныя (але вельмі важныя!) пратаколы да яго. Не пужайцеся: чытаць дакументы з іх складанай мовай не абавязкова 🙃🙈


📽 Парада ад вясноўкі: фільм On the Basis of Sex

Раіць Люба, прадстаўнічка Валанцёрскай службы «Вясны»:

— Я хачу параіць кіно, якое лічу адным з найлепшых на тэму фемінізма і барацьбы жанчын за роўныя правы. On the Basis of Sex — біяграфічны фільм: ён распавядае пра Рут Гінзбург, другую жанчыну, якая змагла заняць пасаду суддзі Вярхоўнага суда ЗША. Гэта гісторыя вельмі моцнай жанчыны са складаным жыццёвым шляхам — жанчыны, якая зрабіла велізарны ўнёсак у развіццё гендарных правоў тым, што на гэтым шляху не здалася.

Рут атрымала адукацыю ў юрыспрудэнцыі, але значную частку жыцця не магла працаваць па спецыяльнасці праз гендарную дыскрымінацыю. Цэнтральны сюжэт фільма — гэта як раз барацьба з дыскрымінацыяй і за свае правы, але для мяне гэты фільм яшчэ і пра тое, як класна ў змаганні з сістэмай быць хітрай і вынаходлівай, выкарыстоўваючы яе правілы супраць яе самой.

Фільм дае разуменне: так, у барацьбе ёсць уздымы і падзенні, часам яна не дае плёну доўгія часы і вымушае чакаць. Але важна не апускаць рукі, бо надыйдзе момант, калі нашы веды, наш досвед і наша ўключанасць зробяцца вызначальнымі ў дасягненні вялікай мэты.
Прывіт, гэта рэгулярны дайджэст ад Валанцёрскай службы!

🌟 Добрыя навіны: вясновец Леанід Судаленка выйшаў з-за кратаў!

Праваабаронца «Вясны» правёў за кратамі 2,5 гады і адбыў увесь прызначаны тэрмін. Кожнае «былы» каля слова «палітзняволены» мы святкуем, але калі вязнямі перастаюць быць калегі, радуемся па-асабліваму. Ура!

Глядзець відэа сустрэчы Леаніда з сям'ёй (найкранальнейшае!)
Чытаць інтэрв’ю Леаніда адразу пасля вызвалення.


📚 Самаадукацыя: даведацца пра мову варожасці (зойме прыкладна 4 хвіліны)

Уф, тэма гарачая: спрэчкі «свабода слова VS мова варожасці» дагэтуль ідуць нават у праваабарончай супольнасці. Але сёння мы не пойдзем глыбока, а зробім першы крок да гэтага пытання.

Глядзець кароткае відэа ад ЮНЕСКА, якое тлумачыць асновы тэрміну hate speech (з ім не ўсё так проста!)
Чытаць брашуру «Мова варожасці на бегемотах» — для тых, хто гатовы выдаткаваць больш часу. Гэта матэрыял, поўны зразумелых прыкладаў і каментароў юрыстаў ды сацыёлагаў. Скарб!


📽 Парада ад вясноўкі: фільм Mar adentro / Мора ўнутры

Раіць Марта, прадстаўніца Валанцёрскай службы «Вясны»:

— Адразу хачу папярэдзіць: тым, хто знаходзіцца ў цяжкім эмацыйным стане ці занадта чутлівы, лепей адкласці прагляд гэтага фільма. Бо, па-першае, ён шчымліва кранальны. А па-другое — ён заснаваны на рэальнай гісторыі пра змаганне за права памерці — што выкручвае шчымлівасць і кранальнасць на нейкія зорныя велічыні.

Для мяне гэта самы праваабарончы фільм. І не таму, што ў ім ёсць суды з дзяржавай, барацьба з грамадскім меркаваннем і праваабарончая арганізацыя. А таму што цэнтральная ягоная ідэя — чалавечая годнасць. А без таго, каб зразумець, што такое чалавечая годнасць і павага да яе, цалкам немагчыма зразумець канцэпцыю правоў чалавека.

Гэты фільм будзе ідэальным для пачаткоўцаў: ён мастацкі, без нудных юрыдычных дэталяў і апроч усяго там такі Хаўер Бардэм, якога — б'юся аб заклад — вы яшчэ не бачылі.
Прывіт, мы з падборкай цікавага 🙂


🌟 Добрыя навіны: беларусы сабралі блізка 600.000 еўра на падтрымку палітвязняў.

Адбылося гэта ў межах марафону салідаснасці «Нам не ўсё адно». Пра наступныя крокі ініцыятыва ўжо распавяла.


📚 Самаадукацыя: адказы на базавыя і спрэчныя пытанні пра правы чалавека ад Савету Еўропы.

Адкуль узяліся правы чалавека? Чаму нехта «павінен» іх паважаць? Ці валодаюць гэтымі правамі злачынцы (нават самыя страшныя)?
У матэрыяле асветлена шмат пунктаў, якія выклікаюць непаразуменні — карысным будзе для тых, хто толькі пачынае цікавіцца правамі чалавека.


🏓 Парада ад вясновак і вясноўцаў: класны спосаб правесці суботу

Сёння каманда Валанцёрскай службы раіць не фільм і не кнігу, а мерапрыемства! Заўтра ў Вільні адбудзецца RADA-маркет з вельмі крутой праграмай: музыка, лекцыі, майстар-класы ды іншыя актыўнасці. І мы таксама паўдзельнічаем ☀️ У планах нашай каманды — гуляць у ПЧ-понг (што гэта? пабачыце!) і разыгрываць класны мерч. Завітвайце 🙂
Традыцыйная падборка цікавага: экстрэмізм, анлайн-курсы і Ларс фон Трыер!


❗️ Добрыя важныя навіны: «Вясна» прызнаная экстрэмісцкім фармаваннем.

23 жніўня ў вядомы спіс дадалі «Вясну». Фармулёўкі такія:
«Экстрэмісцкім фармаваннем прызнаецца група грамадзян, аб'яднаных пад назвай "Вясна/Правы чалавека ў Беларусі" з усімі філіяламі (усяго больш за 30 рэсурсаў)».

Удзел у арганізацыі альбо перадача ёй звестак дае падставы пакараць тэрмінам да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Што гэта значыць для вас:
1. Калі вы знаходзіцеся ў Беларусі, адпішыцеся ад каналаў «Вясны» — у тым ліку ад нашых.
2. Пачысціце ліставанні: выдаліце рэпосты ў чатах з сябрамі, калі пісалі наўпрост «Вясне» — выдаліце ліставанні цалкам.
3. Чытайце каналы ў рэжыме госця і выдаляйце гісторыю пошука — у тым ліку, па інстаграму і тэлеграму.

Слухаць размову з юрыстам-вясноўцам Паўлам Сапелкам — сёння а 20:05 па беларускім часе. Пазней перадачу знойдзеце ў архіве Радыё Рацыя.


📚 Самаадукацыя: анлайн-курсы Human Rights Academy ад Amnesty International.

На адукацыйнай пляцоўцы ад вядомай праваабарончай арганізацыі — дзясяткі невялікіх курсаў працягласцю ад 15 хвілін да некалькіх гадзін. Тэмы розныя, ад самых агульных да прыватных. Найбагацейшы выбар — на англійскай мове, але і па-руску 5 курсаў маюцца.

Паглядзець, якія курсы можна прайсці па-руску.


🎥 Парада ад вясноўкі: «Догвіль» Ларса фон Трыера
Раіць Святлана, юрыстка:

— Гэта фільм, найперш, пра тое, чым ёсць чалавечая годнасць і справядлівасць — і абедзьве азначаныя канцэпцыі моцна звязаныя з канцэпцыяй правоў чалавека.

«Догвіль» падымае пытанне, вельмі актуальнае цяпер: што можна зрабіць, калі зрабіць нічога немагчыма? Правы чалавека парушаюцца, але разам з гэтым часта губляецца любая магчымасць бараніць сябе, і паўстае яшчэ адно пытанне: а ці працуе гэтая канцэпцыя наогул? Калі ў выпадках найбольшых парушэнняў выбудаваныя механізмы не спрацоўваюць — ці маюць яны сэнс? Да гэткіх роздумаў падштурхоўвае прагляд Трыера — прынамсі, калі ты праваабаронца.
Канструктар лега для пашырэння інклюзіі, TED talks пра правы чалавека і кніжка пра рэпрадуктыўны выбар — падборка ад Валанцёрскай службы «Вясны».


🏗 Добрыя навіны: Lego запусцілі ў продаж канструктары са шрыфтам Брайля

На кожнай «цаглінцы» канструктара месцяцца шыпы ў выглядзе літар і лічбаў, напісаных шрыфтам Брайля — праз іх дзеці з асаблівасцямі зроку змогуць засвойваць тактыльны шрыфт. Важна, што праз гульню навучаюцца не толькі самі дзеці з асаблівасцямі зроку, але і іх блізкія: гэта стварае больш інклюзіўную прастору ды пашырае яе.

Даведацца пра шрыфт Брайля ад беларускага праекта «ІншыЯ»


🎙 Самаадукацыя: TED-talks пра правы чалавека

Хутчэй за ўсё, вы ведаеце, але на ўсялякі выпадак распавядзём: TED Talks — гэта выступы на розныя тэмы, у якіх эксперт_кі, практыкі_ні, маста_чкі і проста людзі з цікавым жыццёвым шляхам дзеляцца сваімі ведамі і досведам. Дык вось, у бібліятэцы TED Talks маецца асобны раздзел з выступамі, прысвечанымі правам чалавека — і мы раім туды зазірнуць. Гэта не экспертна-адукацыйны кантэнт, але мы лічым яго цікавым і важным: скрозь выступы можна пачуць пра досвед вельмі розных груп людзей ад першай асобы.

Глядзець выступы


📖 Парада ад вясноўкі: «Падзея» Ані Эрно
Аліна, SMM-спецыялістка:

«Падзея» — зусім невялікая па памеры кніжка, якую можна было б прачытаць за вечар, калі б яна не выклікала столькі роздумаў і пачуццяў. Гэта нюансаванае даследаванне вопыту, які сама пісьменніца перажыла за 40 гадоў да стварэння кнігі: вопыту спарону ў Францыі 60-х, калі перарыванне цяжарнасці было забароненае і нават крыміналізаванае.

Гэта аўтабіяграфічны твор, але адначасова і маніфест у абарону рэпрадуктыўных правоў. У ім і праз гісторыю, і праз саму тонкую, дакладную, далёка не плакатную мову Нобелеўская лаўрэатка выяўляе ўсю складанасць выбару. Яго складанасць, і яго неабходнасць — дакладней, неабходнасць таго, каб гэты выбар існаваў.

Кніга дасяжная і ў перакладзе на беларускую мову. Вельмі раю скарыстацца нячастай магчымасцю і прачытаць важны сучасны твор менавіта па-беларуску.
Якія фільмы, серыялы, кнігі нагадваюць пра каштоўнасці правоў чалавека і чаму ім варта прысвяціць частку свайго ўік-энду?

Пра гэта ў рубрыцы #парады_Вясны распавядаюць нашы калегі па праваабарончым цэнтры. І сёння юрыстка Віка раіць:

«Дэкалог» Кшыштафа Кесьлёўскага

Віка: Гэта глыбокі серыял з 10 фільмаў, пераасэнсаванне 10 біблейскіх запаведзяў, класіка сусветнага кіно. Пасля прагляду ўзнікае не толькі экзістанцыйны адчай — што нармальна, — але і шмат думак наконт правоў чалавека і статуса чалавека як высокаразвітай, сацыяльнай і маральнай істоты. Кожны з 10 фільмаў можна глядзець асобна: яны маюць свае ўласныя сюжэты па адной з запаведзяў.

Але Кесьлёўскі вядомы не толькі “Дэкалогам”, а яшчэ і трылогіяй "Тры колеры", прысвечанай каштоўнасцям Французскай рэвалюцыі: свабодзе, роўнасці і братэрству. На яе таксама варта звярнуць увагу. Я глядзела гэтыя фільмы ў якасці хатняга задання на адным з праваабарончых курсаў і бачу ў іх не толькі актуальныя пытанні на сённяшні і нават заўтрашні дзень, але і якаснае кіно, на якое не шкада часу.
Вы можаце моцна дапамагчы Валанцёрскай службе “Вясны”, ахвяраваўшы ля 10 хвілін свайго часу 🤍

Калі вы:
- жывяце не ў Беларусі;
- арганізоўвывалі мірны сход (пікет, дэманстрацыю, мітынг ці іншае);
- альбо ўдзельнічалі ў любым мірным сходзе —

калі ласка, запоўніце анкету і падзяліцеся сваім досведам! Мы збіраем інфармацыю пра мірныя сходы з удзелам беларусак і беларусаў ці арганізаваныя імі не ў Беларусі.

Анкета ананімная, яе запаўненне зойме ля 10 хвілін. Ваш удзел вельмі дапаможа нам даследвваць, як працуе права на мірныя сходы ў краінах вашай эміграцыі 🤍

Дэдлайн для запаўнення 25.12.2023.

Дзякуй!
2024/04/28 20:10:23
Back to Top
HTML Embed Code: