Telegram Web Link
#варонча #sacral_brovar #sacral_dominium
Сучасная філія гарадзенскага алка-завода мае адпаведную гістарычную пераемнасць, раней тут быў бровар шляхецкага маёнтка, стары корпус якога можна назіраць і зараз праз бетонны плот. Яшчэ можна знайсці нейкія гаспадарчыя будынкі, старыя дрэвы і рэшткі брукаванкі, што сарамліва праглядае з-пад асфальту.

Вядома, быў і палац. Барочна-класічны, збудаваны яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя прадстаўнікамі роду Несялоўскіх. Не перажыў ён завірухі Другой сусветнай, быў спалены партызанамі.

Вось сапраўды цікавы эпізод з гісторыі маёнтка: у 1814 годзе Францішак Ксаверый Несялоўскі прадае за 500 тысяч злотых маёнтак генералу і паплечніку па паўстанні 1794 года Фларыяну Кабылінскаму. Але атрымаўшы сродкі, вырашыў не пакідаць сядзібу, акапаўшыся са сваім гарнізонам. Генерал Кабылінскі ў сваю чаргу са сваімі людзьмі ўзяў Варончу ў аблогу, якая скончылася для апошняга паспяхова - маёнтак у пасаг атрымала дачка Кабылінскага Юзэфа.
Яшчэ цікавей, што па версіі сайта беларускіх паўлінаў, інцыдэнт 1819 году натхніў Адама Міцкевіча (якому давялося гасціць у Варончы) апісаць яго ў “Пане Тадэвушы”, працяг назвы якога гучыць як “…ці апошні наезд на Літве”.
Вось. А я з дзяцінства лічыў, што “наезд” - гэта нешта з крымінальных разборак 90-х. А тут старажытная шляхецкая традыцыя.
#райца #sacral_dominium
У 7-8 кіламетрах ад Варончы ёсць вёска Райца. Можна прагуляцца пешшу да яе, але існуе нелатэрэйная верагоднасць, што нехта з мясцовых пагадзіцца вас падвезці.
Дык вось. Райца ў свой час была таксама важным пунктам шляхетнага жыцця. Крыніцы згадваюць гэты маёнтак яшчэ ў 1510 годзе. Верашчакі, Наўмовічы, Гаштольды, Путкамеры - прыклад родаў, што некалі валадарылі тут. А род Раецкіх нават утварыў прозвішча ад назвы вёскі.
Недзе там у ХІХ стагоддзі быў пабудаваны драўляны класічны палац. З 1933 па 43-ці гады ў маёнтку гаспадарылі манашкі з ордэну палацінак. Бо быў падараваны чарговымі гаспадарамі Жаўтоўскімі, якія жылі ў Кракаве і вельмі рэдка наведвалі маёнтак.
Пасля Другой сусветнай у палацы месціліся мясцовыя медычныя ўстановы, потым занядбанне 90-х.
У 2009 годзе палац набыла сям'я мастакоў, што стварыла тут музей саломапляцення ды сучасных мастацтваў.
#райца #sacral_dominium
Сёння з вамі пабачым слуп. Цікавы такі, з выявай лога роду Раецкіх - гербам Лебедзь. Папулярны сімвал, выкарыстоўваўся больш, чым 220 шляхецкімі фаміліямі. Другая назва герба - Дунін. Значная частка з тых шляхетных родаў мелі ў прозвішчы прыстаўку Дунін. Уласна, як і самі Раецкія. Прабачце, Дунін-Раецкія.
Дакладна невядома навошта гэты слуп тут пастаўлены, але даследчык Анатоль Федарук выказваў думку, што ў гонар сына Францішка Раецкага - Атона, што памёр у 17-гадовым узросце. Раней ад палаца да слупа вяла ліпавая алея, зверху стаяла скульптура Багародзіцы. Пад гербам можна бачыць нішу пад шыльду, якую па легендзе знялі і схавалі пад час паўстання 1863 года. Што ж там такога было напісана? Інтрыгуючая таямніца.
Цікава, што побач пабудавана мясцовая амбулаторыя і барэльеф слупа з абвітым змеям крыжам неяк рэзануе, нагадваючы Чару Гігеі.

Тут жа побач камень з памятнай шыльдай пра нейкую сястру Чаславу Малек. Зразумела, што яна з ліку манашак-палацінак, якія згадваліся ў папярэднім допісе. Але нешта больш грунтоўнае менавіта пра гэтую манашку прачытаць не атрымалася.
2024/05/15 17:12:30
Back to Top
HTML Embed Code: