Новы альбом сьпявачкі Pola Rise (яна ж Паўліна Мілаш) можа і не стане звышпапулярным, але атрымае пэўны посьпех. Hikikomori — гэта канцэптуальная праца, якая складаецца ня толькі з музычнай часткі, але і з кнігі, якая выйшла адначасова з альбомам. І тэкст, і песьні прысьвечаныя тэме адзіноты і сацыяльнай ізаляцыі, што зразумела з назвы. Пра кнігу нічога не скажу, але музычная частка вельмі якасная. Гэта задуменная поп-музыка з прыгожымі мэлёдыямі і небанальнымі аранжыроўкамі. Сваім нардычным электронным саўндам плытка нагадвае працы Susanne Sundfør ці іншага польскага праекту BOKKA. Я ўжо сустракаў у польскай прэсе выказваньні, што гэты альбом можа стаць пэўнай тэрапіяй для тых, хто, як і лірычны герой твора, захрас у хікікаморы. Паслухайце і падзяліцеся эмоцыямі.
Я амаль ня слухаю тое, што зараз называюць рэпам. Пераважная большасьць цяперашняга папулярнага рэпчыку — гэта аднастайная папса пабудаваная на прадказальных музычных хадах і плюгкіх тэкстах для дзяцей малодшкага школьнага ўзросту. Гэта настолькі глябалізаваная і штучная зьява, што адрозьніць «рэпераў» з ЗША, Францыі ці Польшчы можна толькі па мове (калі разьбераце ўвогуле, што яны там кажуць). Вядома, ёсьць наватары і проста цікавы выключэньні, і гэта хоць неяк ратуе стыль.

Сярод такіх для мяне — варшаўскі дуэт Lordofon. У 2020 годзе музыкі выпусьцілі дэбютны альбом Koło з магутным гітом Grawitacja. Гурт гучна стрэліў, але апошні час ад яго навінаў не было, пакуль на днях не зьявіўся новы сінгл Pętla. У ім усё тое, за што Lordofon палюбіліся мне і іншым слухачам: умелае спалучэньне індзі-музыкі, хіп-хопу, поп-мэлёдый і небанальнай лірыкі. Гурт ужо анансаваў рэліз новага альбому ўлетку гэтага году. Чакаем!
У Польшчы ёсьць ўзнагарода Fryderyki, якая ўручаецца з 1995 году, і за гэты час стала галоўнай прэміяй краіны ў галіне музыкі. Статуэткі атрымліваюць ня толькі поп-выканаўцы, але і джазавыя і сымфанічныя музыкі, мэталісты, аўтары саўнтдтрэкаў і г.д. Так што ўсё сапраўды глябальна.

Заўчора ў Глівіцах абвесьцілі чарговых пераможцаў. Сьпіс гіганцкі, таму зраблю кароткі агляд толькі папулярных накірункаў. Найлепшымі музыкамі мінулага году сталі Sanah i Mrozu. Зузанна ўжо не Юрчак, а Грабоўска (дзіўна, чаму не ўзяла падвойнае прозьвішча, што вельмі распаўсюджана ў Польшчы) атрымала таксама ўзнагароду за найлепшы паэтычны альбом. Трыюмф Mrozu для мяне выглядае нечаканым. Ну, я яшчэ шмат чаго не разумею тут, таму прабачце :) Лукаш Мруз узяў пяць статуэтак, у тым ліку за найлепшыя альбом („Złote bloki”) і песьню году („Za daleko”). Калі каротка, то гэта такая прыфанкованая дыска-поп-музыка, натхнёная шэрагам музыкаў розных часоў: ад Чэслава Немана да Weeknd.

У Brodka дзьве ўзнагароды: за найлепшы альтэрнатыўны альбом („Sadza”) і кліп на загалоўную песьню (ён круты, гэта праўда). Найлепшы электронны альбом у Skalpel („Origins”), хіп-хоп-альбом — у Szczyl і Magiera („8171”), рок-альбом — у Dezerter („1986 Co będzie jutro?”), метал-альбом — у Behemoth („Opvs Contra Natvram”). Знакамітыя мэталісты нават выступілі на цырымоніі, разбавіўшы амаль цалкам папсовы склад музыкаў. Дарэчы, паглядзець запіс Fryderyki 2023 можна на юцюбе.

P.S. Давід Падсядла зь сямі намінацый перамог толькі ў дзьвюх: як найлепшы кампазытар, сумесна з Кубай Галіньскім, і за найлепшы канцэртны запіс („Leśna Muzyka”). Найлепшым артыстам году ён стаў толькі аднойчы, у 2014-м, хаця за гэты час стаў галоўнай зоркай краіны. Парадокс.
Мяне, як чалавека з сучаснай Беларусі, мала які абсурд можа зьдзівіць. Але «разагрэў» перад unplugged-канцэртам Lady Pank у суботу запомніцца мне на ўсё жыцьцё. На працягу амаль паўгадзіны перад публікай у палацы спорту Torwar выступаў… прадстаўнік мясцовага МНС, які распавядаў пра прафіляктыку пажараў і працу з газавымі катламі. Увесь гэты час ён манатонна чытаў лекцыю, спасылаючыся на розныя артыкулы нейкіх законаў з дакладнымі датамі пачатку іх дзеяньня і г.д. Мы жартавалі, што не хапае толькі пажарных апавяшчальнікаў, сьмяяліся і згадвалі менскую нацбібліятэку, пакуль гэты відны афіцэр не дастаў той самы апавяшчальнік і не ўключыў яшчэ на двух вялізных экранах рэкляму пра іх. Шматтысячны натоўп выглядаў разгубленым і ня ведаў, як на гэта рэагаваць, але напрыканцы зладзіў іранічныя авацыі. Такі вось «разагрэў» атрымаў гурт узамен за падтрымку горада ў арганізацыі выступу.
Напэўна, галоўная навіна польскага шоў-бізнэсу апошняга часу! Прэса абмяркоўвае гісторыю, як жыхары дому ў варшаўскім раёне Павісьле скардзяцца на шум дзяцей у садку, які зьявіўся ў іх на першым паверсе. Сярод завадатараў… адзін з найбольш уплывовых мэтал-музыкаў краіны, фронтмэн гурта Behemoth, Адам Дарскі, больш вядомы як Нергал. У сваёй скарзе ў адміністрацыю раёна ён напісаў, што яго раніцай абуджаюць крыкі дзяцей, а таксама абураўся кінутымі ў пад'езьдзе бруднымі пялюшкамі. «Калі б нехта з нас пачаў разводзіць коз або стварыў сабачы прытулак, у суседзяў узніклі б праблемы», — цытуюць скаргу Нергала ўладальнікі садку. Я, як бацька 10-месячнай малечы і чалавек, які жыве ў кватэры з вокнамі на дзіцячую пляцоўку, магу спытаць: «У чым не мае рацыі пан Нергал?» :)

Дарэчы, ніякага садку ў старой камяніцы не мусіла быць. Але нехта выкупіў кватэру на першым паверсе і зрабіў такую ўстанову там, а сваю дзялянку ў закрытым дворыку аддаў пад гульні дзяцей. Уяўляю, як разносяцца дзіцячыя крыкі ў гэтым двары-калодзежы. Цяпер разьбіраецца ў справе суд.

Як кажа мой сябра Саша Ч., напішыце ў камэнтах, а ці хацелі б вы жыць у будынку зь дзіцячым садком? Ці можа вы бы хацелі жыць побач з зоркай мэтал-музыкі? 😆

P.S. За навіну дзякуй сябру Стасу А., у якога ёсьць цікавы канал пра польскі лад жыцьця. Падпішыцеся, мо ён стане часьцей нешта пісаць 😊
Часам у мяне пытаюць: як сачыць за анонсамі канцэртаў у Польшчы? Насамрэч, гэта складанае пытаньне. Я ня ведаю добрых сайтаў з падрабязнай афішай. Але я выпрацаваў для сябе дзейны мэханізм, зь якім гатовы падзяліцца.

1. Шмат для каго стане сюрпрызам, што Last.fm яшчэ жывы і хтосьці ім карыстаецца (магчыма, вы ўвогуле чуеце пра яго ўпершыню зараз). Але афіша там ледзь не найлепшая сярод усіх магчымых сэрвісаў. На старонцы Events вы можаце выбраць горад і паглядзець, якія мерапрыемствы там будуць. І іх там будзе багата!

2. Facebook. Яго ўвогуле ў Польшчы вельмі любяць. Паглядвайце за падзеямі побач, падпісвайцеся на музыкаў і арганізатараў канцэртаў (напрыклад, WiniaryBookings). Усе арганізатары анансуюць падзеі першымі. Ну, і найбольш актуальная інфармацыя пра любы канцэрт будзе менавіта на Facebook.

3. Глядзіце сайты апэратараў квіткоў. Вось некаторыя з папулярных: Eventim, Going, Ticketmaster, Bilety24, eBilet, GoOut. Там можна знайсьці мерапрыемствы, якія не трапіліся вышэй.

Бонусам будзе парада не адкладаць куплю квіткоў. У Польшчы солдаўты — звычайная справа. А яшчэ для вялікіх канцэртаў практыкуецца дынамічны прайс, калі кошт квіткоў зьмяняецца ў адпаведнасьці з попытам. Таму квіткі даражэюць удвая-ўтрая (хоць часам кошт вяртаецца да пачатковага ці можна нават стаць меншым у дзень канцэрта). Але гэта тычыцца, у першую чаргу, мерапрыемстваў на стадыёнах. Калі размова пра клюбы, то рэдка калі атрымаецца купіць квіток у апошні момант. Ёсьць сэрвісы, дзе можна знайсьці квіткі з рук, напрыклад, AleBilet ці Ticketswap, але заўжды ёсьць верагоднасьць напароцца на махляроў. Хутчэй за ўсё, грошы вы не згубіце, але і на канцэрт не трапіце.
Даўно не пісаў непасрэдна пра польскую музыку. Не сказаць, што шмат цікавага ў гэтым годзе. Але што-нішто зь нядаўняга спадабалася. Вось мой топ-3 нядаўніх рэлізаў.

Другі альбом гурта ZwidyNigdy nie będę taki, jak bym chciał”. Гурт грае інды з элемэнтамі эма і нават мат-рока. Гэта даволі лёгкая, але небанальная музыка. Мяне вельмі ўразіла вялікая колькасьць аўдыторыі старэйшага школьнага ўзросту на прэзэнтацыі альбома ў Варшаве. Добра, што хоць частка сучаснай моладзі выбірае не рэп :)

Яшчэ адзін варшаўскі гурт Metro выпусьціў сваю аднайменную іпішку „Metro”. Пра гурт можна нават сказаць, што ён з адной музычнай плыні разам са Zwidy. Тут, праўда, больш ухіл у шугейз і пост-панк, але ўсё даволі лёгка, без перагружаных гітар ці празьмерна сумных мэлёдый. Дарэчы, ўжо ў суботу можна паглядзець гурт жыўцом.

Кракаўскі музыка adaś. стрэліў у тым годзе з трэкам „dessous”. Дзякуючы яму ўжо мае добрую статыстку на стрымінгах, але яшчэ не траснфармаваў гэтыя лічбы ў сапраўдны посьпех. Магчыма, ў гэтым дапаможа новы EP „historia kolejnej znajomości.”. Усе песьні на ім прысьвечаны адносінам, якія заўжды канчаюцца разрывам. Так і альбом адкрывае эйфарычны баявічок z Tobą, але пад канец настрой песень значна мяняецца.
Асацыяцыя вытворцаў аўдыёвідэапрадукцыі (Związek Producentów Audio Video) падсумавала вынікі першага паўгодзьдзя і падрыхтавала сьпісы найбольш папулярных рэлізаў у Польшчы. У іх улічваліся продажы як на фізічных носьбітах, так і на стрымінгавых пляцоўках.

На першым месцы апынуўся рэпер Kuban з новым альбомам „Spokój”, за ім ідуць альбомы Давіда Падсядла „Lata dwudzieste”, Sanah „Sanah śpiewa poezyje”, Avi „Mały książę” і Club2020 з „Club2020”.

Топ на стрымінгавых пляцоўках амаль нічым не адрозьніваецца: на першым месцы апошні альбом Давіда Падсядла, а за ім усё тыя ж Kuban, „Club2020” і два альбомы Sanah — „Uczta” і „Sanah śpiewa poezyje”.

Аднак найбольш цікавым апынуўся топ-5 вінілаў. Тут у лідэрах бокс-сэт „XLI” гурта Kult, які кожны квартал папаўняецца яшчэ адной часткай. Далей ідуць Depeche Mode („Memento Mori”), Metallica („72 Seasons”), а таксама польскія прог-рокеры Riverside („ID. Entity”) і усюдыісны Давіда Падсядла з дэбютнай плытай 2013 году „Comfort and Happines”.
Закінуў я канал, хоць не закінуў слухаць музыку, ў тым ліку польскую. Пад канец году напішу нешта пра вынікі, а пакуль не магу прайсьці міма радаснай навіны.

Перад нядаўнімі выбарамі гурт Coma паабяцаў даць некалькі канцэртаў, калі будзе рэкордная яўка. І музыкі стрымалі слова! Сёньня яны паведамілі, што ў другой палове 2024-га нас чакаюць прыкладна пяць выступаў.

«Гэта не перазагрузка гурта, у нас няма канцэртных плянаў на наступныя гады, у нас няма плянаў на новыя альбомы, кожны з нас вядзе сваю ўласную артыстычную дзейнасьць. Гурта як актыўнага творцы не існуе. Але гэта не адмяняе таго факту, што ў 2024 годзе будзе прыемна аддацца ўспамінам, недахопу рок-эмоцый ня будзе», — кажуць музыкі.

Падрабязнасьці будуць у наступным красавіку. Спадзяюся, што атрымаецца трапіць на канцэрт хоць дзе. Лічу, што Coma — адзін з найбольш яскравых рок-гуртоў у гісторыі польскае музыкі! Я толькі аднойчы змог пабачыць Coma жыўцом. У 2019 годзе гурт спыніў дзейнасьць.
Я нават ня буду ў чарговы раз апраўдвацца, што закінуў канал, проста паведамляю. У праекта KARAŚ/ROGUCKI выйшаў новы альбом Atlas Iskier, і ён мне падабаецца!

Хто ня ведае, гэта гурт, які стварылі Пётр Рагуцкі, фронтмэн ужо неіснуючага гурта Coma (але мы памятаем, што ў гэтым годзе яны дадуць некалькі канцэртаў) і ўвогуле адна з галоўных асобаў у польскай музыцы апошняга часу, і малады таленавіты музыка Куба Карась. Яны робяць небанальную поп-музыку, натхнёную рамантызмам у музыцы 80-х.

Гэта трэці альбом за пяць гадоў працы. Ён працягвае рэтра-лінію ў гучаньні і тэму каханьня ў тэкстах. Але цяпер каханьне ня лечыць і не ратуе. Цяпер усё даволі змрочна па настроі, хоць і з кропелькаю аптымізма. „Mogę wyobrazić sobie, że kiedy zamykam oczy wszystko się kończy. Lecz na pewno wiem, że nie skończy się źle…”

Тур з новай праграмай пачынаецца сёньня. У Варшаве — канцэрт 22 сакавіка ў Stodoła.
2024/05/15 03:02:18
Back to Top
HTML Embed Code: