Telegram Web Link
Імем Горкага было забіта столькі беларусаў!

«...неабходна зьнішчыць усё, што, абцяжарваючы ў працоўным народзе рост усьведамленьня адзінства яго жыцьцёвых інтарэсаў, дазваляе капіталістам...»

І гэтак далей. Знакаміты тэкст, адкуль узяты прыведзены вышэй урывачак, выйшаў 15 лістапада 1930 году адразу ў дзьвюх газэтах, «Ізьвесьціях» і «Праўдзе», і назву меў пагрозьлівую: «Калі вораг не здаецца — яго зьнішчаюць». У арыгінале Горкі напісаў у назьве «істребляют», а ў самім тэксьце «унічтожают»; ён наагул любіў бескарысныя сынонімы, як іншыя любяць апэльсіны.

🙈 Што там дакладна пісаў клясык і з кім зводзіў рахункі, ягоныя ўдзячныя чытачы хутка забыліся, а вось назва ў памяці засталася — бо кідкая і зручная. Назва-заклік, назва-апраўданьне, назва-спроба змыць зь сябе кроў, стоячы ў перапоўненай лазьні. Да таго ж яна ўнівэрсальная, гэтая фраза, можна прысабачыць да любой нагоды — ворагі ёсьць ва ўсіх, часу бяз ворагаў не бывае, як і рэвалюцыі без крыві. Напэўна, на гэта Горкі і намякаў.

Між тым, зьмест артыкулу ня менш цікавы за загаловак. Горкі піша пра тое, што каб зьберагчы перамогі і будаваць далей новае жыцьцё, трэба быць гатовым да новых ахвяраў — трэба забіваць, бяз гэтага ніяк. Гэта тэкст-мандат.

Гэта тэкст для ахвяраў — ім папулярна тлумачыцца, чаму іх зараз будуць «крышачку забіваць». Паводле Горкага, гэта разумеюць нават дзеці-піянэры, а да некаторых дарослых усё ніяк не даходзіць. Калі вораг не здаецца, яго зьнішчаюць. Тэкст-санкцыя пракурора, каманда кáтам. Такая сабе індульгенцыя ад інтэлігенцыі...

❗️ Імем Горкага было забіта столькі беларусаў, што яго варта лічыць беларускім пісьменьнікам. Ніхто ня ведае, чым адгукнецца яго слова — а выбар невялікі: каму ордэнам, каму куляй у патыліцу, каму забыцьцём.

🗓 Чытайце Каляндар Бахарэвіча - Блаславеньне ад Максімыча

🤯 А ў нас ў яго гонар названы Цэнтральны дзіцячы парк я яго творы вучаць у школе нашы дзеці...

Вочы ворагаў народу – пустога пусьцей.
Ворагі народу вучаць нашых дзяцей.
Ворагі народу раздаюць прысуды,
I ў газэтах публікуюць свой радок паскудны.

Ворагі народу – ня ты і ня я,
У ворагаў народу ёсьць таксама сям'я,
Яны ў выходны дзень выяжджаюць на прыроду,
Яны ліцаць, што народ – вораг народу

Гэта непазьбежна, як закон прыроды –
Жыць ня будуць вечна ворагі народу.
У адзіным мейсцы іх чакаюць вельмі –
На вагні пякельным, грэецца пательня!

🎧 Слухайце VOLSKI - ВОРАГІ НАРОДУ

@supermova #мова #каляндар
7👍3🔥2
Родная мова - асноўны паказчык, які адрознівае адзін народ ад другога.

🎉 15 кастрычніка 1938 - нарадзіўся Віктар Цітоў (в. Дрожджаніцы, Крычаўскі р-н), беларускі этнограф, гісторык, пэдагог. Доктар гістарычных навук, прафэсар.

❗️ Родная мова - асноўны паказчык, які адрознівае адзін народ ад другога, бо мова — нібы радавы герб, што перадаецца народу ў спадчыну ад яго продкаў, яна з’яўляецца люстэркам, у якім выразна адбіваецца яго характар, мараль і нават цэлая гісторыя краю; мова жыве з народам, разам з ім развіваецца і памірае.

📝 Чытайце Віктар Цітоў - Вайна за душы літвінаў

🥳 15 кастрычніка 1951 - нарадзіўся Віктар Скарабагатаў (Менск), беларускі сьпявак (лірычны барытон), пэдагог, музычны дзяяч, чалавек унікальных музычных здольнасьцяў і энцыкляпэдычных ведаў у сваёй галіне.

Дзякуючы Скарабагатаву і ягоным калегам, якія працавалі ў архівах Варшавы, Кракава, Масквы, Лёндану, Бэрліну, Нью-Ёрку, у беларускую культуру вярнуліся такія кампазытары, як Ян Голянд, Антоні Радзівіл, Станіслаў Манюшка ды іншыя.

📝 Чытайце Віктар Скарабагатаў - Аднаўленьне страчанага

@supermopva #мова #крычаў #цітоў #гісторыя #менск #скорабагатаў #спевы
6👍3
НЭРВА, РЭЗЭРВА... (Максім Лужанін)

Шмат якія словы ў нас самі просяцца аднавіць уласцівыя духу мовы формы: наспа, прызва, нэрва, рэзэрва, проспа, замест насып, прызыў, нерв, рэзерв, просып. Так і пісалі ў 1920—30-я гады.

Насып ➝ лепей: наспа
Просып ➝ лепей: проспа
Прызыў ➝ лепей: прызва
Перарыў ➝ лепей пярэрва
Нерв (рас. нерв) ➝ карэктна: нэрва
Рэзерв (рас. резерв) ➝ карэктна: рэзэрва
Рэйв (англ. rave) ➝ карэктна: рэйва
Драйв (англ. drive) ➝ карэктна: драйва
—————————————————————
Апошняя рэзэрва маіх нэрваў. Прычына супраціву мовы тут і ў тым, што ў канцы слова апынуўся гук [в]. Беларускі гук [в] розьніцца ад расійскага, ён плаўнейшы, санорны (санорныя гукі можна цягнуць і яны не аглушаюцца), бо ў многіх пазыцыях вымаўляецца дзьвюма вуснамі, а расіи‌скі — толькі шумны, губна-зубны. “Рыса гэтая кідаецца у‌ вочы нярускім назіральнікам“,— казау‌ Яу‌хім Карскі.

Таму беларускі [в] лёгка пераходзіць у “паўгалосны“ [у‌]: раве — роў. А расійскі шумны зычны [в] аглушаецца ў [ф]: корова — коров, вымаўляецца [кароф]. Па-расійску скажуць [платанаф и айф], [нерф], [резерф]. Нездарма клясыкі нашай лексыкаграфіі Сьцяпан Некрашэвіч і Мікола Байкоў у вялікім “Расійска-беларускім слоўніку“ 1928 году замацавалі формы назоўнага склону нэрва, рэзэрва (зрэшты, абодва словы ў звычайнай мове часьцей бываюць у множным ліку: нэрвы, рэзэрвы). Дадам: як кансэрвавы завод — не “кансерўны“ — так і рэзэрвовыя магутнасьці, і нават драйва на рэйвавай вечарыне.

📷 Pan Litoŭski — НЭРВА, РЭЗЭРВА...

@supermova @PanLitoŭski #мова #панлітоўскі #ужываймасваё
Please open Telegram to view this post
VIEW IN TELEGRAM
13👍5
​​Ян Скрыган - Знаўца і абаронца беларускай мовы

🥳 16 лістапада 1905 — нарадзіўся Ян Скрыган (в. Труханавічы, Капыльскі раён, Менская в-ць) — беларускі пісьменьнік, публіцыст і крытык.

Мова — асноўны «канёк» Скрыгана. Да яе ён ставіўся, як да каштоўнасьці, ведаў і валодаў ёй надзвычай добра, таму часта крытыкаваў сваіх калег па пісьменьніцкай справе. У артыкуле «Блізкія сэрцу думкі» 1967 года ён піша:

«Я ведаю пісьменьнікаў, якія не даюць сабе клопату запомніць, што па-беларуску трэба гаварыць дзякуй вам, а не дзякуй вас; прабачце мне, а не прабачце мяне. Ведаю пісьменьнікаў, якія каб апраўдаць свае нелады з моваю, пішуць артыкулы, у якіх сьцвярджаюць, што мова — рэч другарадная. Ведаю пісьменьнікаў, якіх лягчэй чытаць у перакладзе на рускую мову».

У сваёй творчасьці Ян Скрыган пазьбягаў, як сам казаў, «канцылярска-бюракратычнай штучнасьці», газетных штампаў, калькі з рускай ці польскай мовы. «Усюды, дзе магу, я змагаюся за мову натуральную, народную», пісаў ён у дзёньніку.

✍️ Урывак з эсэ "Яшчэ трохі аб мове":

Шлях. Мы пачалі карыстацца ім супроць законаў мовы. Пішам: «добрага шляху табе», «у добры шлях», «пайшоў у шлях», «у далейшы шлях». Гэтым мы навязваем мове сваю недасьведчанасць у ёй і непісьменнасць. Рэч у тым, што ў беларускай мове разуменьне «шлях» толькі канкрэтнае. Калі мы гаворым «шлях», то нават уяўляем сабе шырокую наезджаную дарогу. «Праедзеш палявою дарогаю, а там выедзеш па шлях». Мы нават прывыклі бачыць такую дарогу з прысадамі, уяўляем, як далёка наперад забягае яе палатно. А ў адцягненае разуменьне ў нас пераходзіць не шлях, а дарога. Кажуць: «Добрай дарогі» або «шчаслівай дарогі», «пайшоў у дарогу», «пусціўся ў дарогу», «выбраў сабе дарогу».

🔗 Творы Яна Скрыгана даступныя на Беларускай палічцы.

@supermova #мова #пісьменьнік
9👍5
Права кожнага народа на сваю родную мову

🥳 16 лістапада 1898 - нарадзіўся Вінцэнт Гадлеўскі (в. Шу‌рычы, Свіслацкі р-н) - беларускі нацыянальны, палітычны і грамадскі дзеяч, каталіцкі святар, публіцыст. Сталёвы нонканфарміст, які быў невыгодны любой уладзе: і саветам, і палякам, і немцам.

Сярод фундаментальных правоў народаў В. Гадлеўскі выдзеліў права кожнага народа на сваю родную мову. Не выпадкова, казаў ён, усе вядомыя ў гісторыі заваёўнікі, дэспатычныя імперыі імкнуліся любымі сродкамі падавіць родную мову заваёванага народа, каб пазбавіць яго гістарычнай памяці і асіміліраваць рэпрэсіўнымі або псеўдадэмакратычнымі метадамі.

📰 Чытайце артыкул - КСЁНДЗ ВIНЦЭНТ ГАДЛЕУСКI: ФIЛАСОФСКАЕ АБГРУНТАВАННЕ БЕЛАРУСКАЙ IДЭI

Дзейнічаў для беларускай справы ўжо ў 1917 годзе ў складзе Беларускага нацыянальнага камітэту і падчас Усебеларускага з'езду. Таксама ўваходзіў у склад Рады БНР. У міжваенны час яго лёс звязаўся з БХД і Беларускім каталіцкім выдавецтвам у Вільні. У час вайны быў прызначаны галоўным школьным інспектарам пры генеральным камісарыяце Беларусі ды кіраваў працай над падрыхтоўкай праграм навучання для беларускіх пачатковых школ, адначасова быў сябрам Цэнтралі Беларускай народнай Самапомачы. Правіў службу ў Чырвоным касцёле ў Менску. Неўзабаве Гадлеўскі пачаў крытыкаваць нямецкую палітыку ў дачыненні да беларусаў, за што быў арыштаваны ў снежні 1942 года, а пазгней закатаваны нацыстамі.

🚀 З допісу @historyja

Глядзіце ў Легендзе з Барысам Балтэ - Беларускі Бандера - кс.Вінцэнт Гадлеўскі

@supermova #мова #гонар #годнасьць #шурычы
Please open Telegram to view this post
VIEW IN TELEGRAM
8👍3
Змагарныя дарогі

☀️ 16 лістапада 1925 году
нарадзіўся Кастусь Акула (Алесь Качан) в. Верацеі Глыбоцкі раён, беларускі грамадзкі дзеяч эміграцыі, пісьменьнік.

Падчас вайны Кастусь паступіў у Менскую школу камандзіраў Беларускай Краёвай Абароны (БКА). Са школаю адступіў на Захад, пасьля далучэньня да нямецкіх вайсковых адзінак трапіў у Францыю. Там зь іншымі беларусамі перайшоў да партызанаў-макісаў, ваяваў супраць немцаў. Пасьля ў складзе брытанскай арміі.

У 1946—1947 Кастусь Акула жыў у Англіі. Ён браў удзел у стварэньні Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі. Потым пераехаў у Канаду, дзе быў адным з заснавальнікаў Згуртаваньня беларусаў у Канадзе, першым ягоным старшынём.

📰 Менавіта Кастусь Акула заснаваў першае ў Паўночнай Амэрыцы выданьне на беларускай мове газэту «Беларускі эмігрант», а пазьней выдаваў часопіс «Зважай».

📕 Змагарныя дарогі - раман прысвечаны лёсу Беларусі і беларусаў у гады другой сусветнай вайны, віхура якой на паўстагоддзя разлучыла аўтара з Бацькаўшчынай. Камусьці яго погляды і ацэнкі могуць здавацца спрэчнымі, але ў любым выпадку чытачу будзе цікава пазнаёміцца са сведчаннямі чалавека, што бачыў вайну знутры і заслужыў за барацьбу з гітлераўцамі баявыя ўзнагароды.

📚 Чытай ў інтэрнэт-бібліятэцы kamunikat кнігі Кастуся Акулы

На беларускіх дарогах паспаліты народ
Кагосьці цягне на захад нехта б’ецца на ўсход
Камусьці трэба свабода, а камусьці прыгнёт
Гэта зусім не распуцтва, гэта розніцца ў густах

🎧 Слухай N.R.M. - Беларускія дарогі

@supermova
#мова #гонар #верацеі #проза
Please open Telegram to view this post
VIEW IN TELEGRAM
13
Праўда за намі, з намі свабода!

17 лістапада 1989 пачалася аксамітная рэвалюцыя ў Чэхаславаччыне

У Савецкім Саюзе часоў перабудовы любілі згадваць праславутыя «семдзесят гадоў» («семсят лет как жызьні нет»); летась беларусы, год за годам марачы пра рэвалюцыю, гаварылі пра «васямнаццаць мне ўжэ», намякаючы на паўналецьце сваёй дыктатуры. А вось Чэхія са Славаччынай сёньня ўступаюць ў дваццаць чацьвёрты год ад Раства Дэмакратыі. Зайздросна? Яшчэ як.

ў 1989-м і сталіністу было ясна: савецкія танкі сюды, у Прагу, ніхто пасылаць ужо ня будзе. Чэхам і славакам давядзецца вырашаць усё самім: што з аднаго, што з другога боку палітычных барыкадаў. На шчасьце, гэтая простая ісьціна дайшла да абодвух бакоў.

А далей усё было так імкліва: хітрае маўчаньне спэцслужбаў, разгублены твар генсека Якеша, сямсот тысяч на Лэтэнскім полі ў Празе, сьвечкі, «Грамадзянскі форум» — і яшчэ да надыходу Новага году Вацлаў Гавэл, сам, напэўна, ачмурэлы ад хуткасьці гэтага аксамітнага паветранага зьмея, за якім усе раптам пабеглі, робіцца прэзыдэнтам Чэхаславаччыны. Ён не пабаяўся: ні ўлады, ні часу, ні адказнасьці.

❗️ Некалі так будзе і тут. Імкліва і ачмуральна.
Тут, дзе час таксама быў скрадзены — і калі ён вернецца, мы зноў трапім у каляндар.

🗓 Каляндар Бахарэвіча - Вернуты час

Голас народу яскравы і годны,
Памаранчовы ці васільковы.
Перапісаць нас ня хопіць паперы —
Нас мільёны, нас дахалеры!

Нас не разьвернеш з нашай дарогі,
Мы скажам „не” і дастаткова
Возьмем у рукі сьцяг перамогі,
Праўда за намі, з намі свабода.

🎧 Слухайце N.R.M. - Нас дахалеры

@supermova
👍11
Жыў у Вільні дзядзька Янка

🥳 17 лістапада 1906 — нарадзіўся Янка Багдановіч (в. Гірбінята, Валожынскі раён) — беларускі пісьменьнік, мэмуарыст.

Янка Багдановіч пражыў доўгае, вельмі няпростае, насычанае падзеямі таго бурлівага часу жыцьцё, але ён не зламаўся, не здрадзіў ідэалам сваёй маладосьці і да скону захаваў пачуцьцё ўласнай годнасьці і любоў да людзей.

Пасьля сьмерці бацькоў у 1918 Янка Багдановіч жыў і выхоўваўся ў Барунскім і Віленскім дзіцячых прытулках, якія былі арганізаваны ў час Першай сусьветнай вайны беларускай інтэлігенцыяй. У 1927 скончыў Віленскую беларускую гімназію. Да 1941 працаваў у Друкарні імя Францішка Скарыны. Там-жа і жыў.

Янка Багдановіч выдаваў часопіс «Шлях моладзі» (1929-38). У гады 2-й сусьветнай вайны навучаўся ў Віленскай настаўніцкай сэмінарыі; адначасова і пасьля заканчэньня яе настаўнічаў. У 1952 быў арыштаваны, адпраўлены ў сылку, але ў 1956 рэабілітаваны. Па вяртаньні ў Вільню працаваў настаўнікам.

📝 Чытайце артыкул — Згадка. Жыў у Вільні дзядзька Янка

Янка Багдановіч пакінуў свае ўспаміны пра беларускую міжваенную Вільню, пра знакамітых беларусаў, якіх ён ведаў і сябраваў, і, вядома ж, пра сталінскія лагеры, якія прыйшлося прайсьці:

"У 1915 годзе, пад канец лета, з кожным днём усё часьцей і часьцей праязджалі праз нашу вёску рускія казакі і цэлыя роты жаўнераў, якія часта спыняліся ў нас на адпачынак і раскладалі свае лагеры па хатах, агародах, садах. Быў я тады яшчэ зусім малы, не разумеў, што такое вайна, і часта ў бацькі пытаўся, чаго гэтыя жаўнеры па нашай вёсцы лазяць. Ад бацькі можна было пачуць толькі адно слова «вайна», і на гэтым наша гутарка канчалася. Потым я ў бацькі не пытаўся, бо ён і так выглядаў перапалоханым, пабялеў, вочы яго павялічыліся, а твар асунуўся...
Сумны час! Ад усяго адпалі рукі, ніхто не хацеў брацца за работу, бо сам не ведаў, хто будзе з яе карыстаць. У нас якраз у гэты год надта ўрадзіў лён, усе вяскоўцы зайздросцілі маёй маці, але яна казала, што першы раз у жыцці нарвала такога харошага лёну і што, здаецца, не прыйдзецца ім карыстацца."


📕 Чытайце Янка Багдановіч — "На жыцьцёвым шляху":

@supermova #мова #успаміны #вільня
11
Выбітны пісьменьнік і творца канстытуцыі

🥳 18 лістапада 1931 — нарадзіўся Анатоль Вярцінскі (в. Дзямешкава, Лепельскі раён) — беларускі паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, палітык.

Анатоль Вярцінскі пачаў публікавацца яшчэ ў 1950-я гады. Быў лаўрэатам Дзяржпрэміі СССР за кнігу «Нью-Ёркская сірэна», а таксама лаўрэатам прэміі «Залаты апостраф» часопіса «Дзеяслоў».

Акрамя вершаў Вярцінскі пісаў п'есы для дзяцей і перакладаў на беларускую творы іспанскіх, рускіх, украінскіх, літоўскіх, латвійскіх, балгарскіх, польскіх, венгерскіх, кубінскіх пісьменьнікаў.

У 1986-1990 гадах быў галоўным рэдактарам штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Менавіта ў той час на яго старонках пачало зʼяўляцца шмат артыкулаў па гісторыі і культуры Беларусі, у тым ліку і артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва пра Курапаты. Падрабязьней у інтэрв'ю "я павінен быў зрабіць усё, каб матэрыял пра Курапаты быў апублікаваны".

Анатоль Вярцінскі быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі XII скліканьня, удзельнічаў у распрацоўцы тэксту Канстытуцыі Беларусі 1994 года. Паслухаць успаміны Вярцінскага пра тыя часы можна ў інтэрв'ю "Беларусь - адзін верш".

📚 Пісьменьнік пакінуў шэраг цудоўных зборнікаў паэзіі, зь якімі можна азнаёміцца на камунікаце.

Абрастаем.
Паперамі, рэчамі,
абавязкамі,
звычкамі,
стрэчамі.
Абрастаем болямі, охамі.
Як валун абрастае мохам,
абрастаем мохам абставін.
Абрастаем даўгамі, хвастамі.
Абрастаем, як бераг кустамі.
"Дзе чужое, дзе наша? –
пытаем, –
Дзе расьцём, а дзе абрастаем?"...


✍️ Анатоль Вярцінскі, "Абрастаем. Паперамі, рэчамі..."

@supermova #мова #пісьменьнік #канстытуцыя
10👍4
ПОМАЧ А ДАПАМОГА (Максім Лужанін)

Не трэба кідацца ў крайнасці. Я пісаў пра тое, як адны аўтары схапіліся за словы помач і памагаць, зусім адкідаючы дапамогу і дапамагаць. Помач — часцей пасуе для дыялогу, а ў дапамозе ёсць сэнсавы элемент больш шырокага і закончанага дзеяння. Колькі тае помачы было, адзін раз сякерай цюкнуў. Каб не рынулі людзі на дапамогу, быў бы яму алох.

☆ ЦІКАВІНКА ☆
“To help” па-маскоўску «помогать». Па-беларуску можна сказаць «памагаць» або «дапамагаць», бяз розьніцы ў значэньні. Мовазнаўца д-р Ян Станкевіч ужыў бы «памагаць», гэта адзіная форма, якую можна знайсьці ў ягоным слоўніку. Ён уважаў, што ў форме «дапамагаць» адбіўся польскі ўплыў.
—————————————————————
Максім Лужанін (запр. Аляксандар Каратай). Паэт, празаік, кінадраматург, перакладнік. “Роднае слова. Магчымасці мовы.” 1973, 1976

Помач (часьцей пасуе для дыялогу) = дапамога (ёсьць сэнсавы элемэнт больш шырокага і закончанага дзеяньня)
Памагаць = дапамагаць
—————————————————————
Мы ня маем права не зьвяртаць увагі на гучаньне слова, бо мова апрача дакладнасьці патрабуе яшчэ і мілагучнасьці. Мову трэба адчуваць навобмацак, на смак і на гук, тады яна дазволіць паказваць рэчы ў патрэбных вымярэньнях. У адваротным выпадку слова пойдзе супроць цябе, будзе не дапамагаць, а замінаць і выкажа ня тое, што хочаш, а процілеглае.

📷 Pan Litoŭski — ПОМАЧ А ДАПАМОГА

@supermova @PanLitoŭski #мова #панлітоўскі #ужываймасваё
Please open Telegram to view this post
VIEW IN TELEGRAM
🔥7👍3
Мова – гэта душа чалавека, яго краса й аздоба

📚 18 лістапада 1884 году
нарадзіўся Язэп Лёсік (в. Мікалаеўшчына, Стаўпецкі раён), беларускі пісьменьнік, публіцыст, мовазнаўца, пэдагог, нацыянальны й палітычны дзеяч. Дарэчы, Язэп Лёсік – родны дзядзька Якуба Коласа, быў ў шлюбе з Вандай Лявіцкай, дачкой Ядвігіна Ш. У іх было трое дзяцей.

⚔️ У сакавіку 1917 году Язэр Лёсік актыўна ўключыўся ў дзейнасьць беларускага нацыянальнага руху, быў адным з актыўных удзельнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Ён уваходзіў у склад Вялікай беларускай рады й удзельнічаў у Першым Усебеларускім кангрэсе.

У 1917-1918 гадах быў радактарам газэты «Вольная Беларусь». У гэты жа час выступаў адным зь ініцыятараў абвяшчэньня незалежнасьці БНР, падтрымліваў беларускую адукацыю ў яе складзе. Пазьней Язэп Лёсік рэарганізаваў культурна-асьветніцкае таварыства «Прасьвета» ў культурна-асьветніцкае таварыства «Бацькаўшчына», увайшоў у склад Рады БНР.

26 красавіка 1918 году яго подпіс знайшлі пад тэлеграмай, высланай на наступны дзень ад імя ўраду й Рады БНР да нямецкага імпэратара Вільгельма ІІ. У ёй адзначалася падзяка за “вызваленьня Беларусі” й просьбу аб аказаньні падтрымкі БНР у яе хаўрасе зь Нямеччынай. Гэты крок быў нэгатыўна ўспрыняты й прывёў да таго, што Раду БНР пакінулі многія яе чальцы, а БСГ распалася.

З ліпеня 1921 году выкладаў у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце й у Беларускім пэдагагічным тэхнікуме. У 1922 годзе быў абраны чальцом Інбелкульту, потым быў прызначаны дырэктарам Інстытуту беларускай мовы, і ў 1928 годзе — чальцом і акадэмікам Акадэміі навук Беларусі.

🔗 Канцатыдзень (мяккай) беларусізацыі - Пра Акадэмічную канфэрэнцыю 1926 г.

У 1922 годзе быў выдадзены яго падручнік «Практычная граматыка беларускае мовы», які быў нэгатыўна прыняты савецкімі ўладамі, а газэта «Зьвязда» нават абвясьціла яго «контррэвалюцыйным». Першы вядомы твор Лёсіка – апавяданьне «Рабы Міхась Крэчка, што быў за судзьдзю», надрукаваны ў «Нашай Ніве». Асобнай кніжкай выйшла апавяданьне «Не ўсе ж разам, ягамосьці!..». З-за “нацыяналістычнага” і «рэлігіёзна-дагматычнага» характару быў забаронены яго зборнік апавяданьняў «Родныя вобразы».

📚 Беларуская палічка - Беларускі правапіс (1929, выд. 8)

3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры й выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Язэпа Лёсіка прадугледжвалася «спальваць». 31 сакавіка 1940 году быў прыгавораны да пяці гадоў ГУЛАГу, загінуў на наступны дзень у Саратаўскай турме.

@supermova #мова #гонар #правапіс #мікалаеўшчына #інбелкульт #бнр
11👍3
Беларусы — адзін з найлепшых народаў сьвету

19 лістапада 1982 менскае «Дынама» становіцца чэмпіёнам СССР

Тое першынство любяць успамінаць ня толькі ў Беларусі: напал атрымаўся што трэба, дый гульні былі відовішчныя ды багатыя на галы. А ў самой Беларусі трыюмф галоўнай футбольнай каманды па сваёй значнасьці нечым нагадваў старажытнарымскія...

Вось толькі легіянэраў у нашым «Дынама» было няшмат: амаль уся каманда — свае, беларускія хлапцы. Вось жа, 1982 год, чэмпіянат СССР па футболе, вышэйшая ліга: шмат для каго пераможнае шэсьце менскіх дынамаўцаў па турнірнай табліцы зрабілася тады ня толькі нагодай выпіць за беларускі спорт — у соцень і тысяч людзей яно прымусіла заварушыцца заснулае нацыянальнае пачуцьцё. Так, прынамсі, кажуць легенды і казкі былых пакаленьняў...

🗓 Каляндар Бахарэвіча - Чэмпіёны імпэрыі

Схільнасьць беларусаў да спорту, нашы спартовыя посьпехі, сярод іншага, паказваюць, што мы зьяўляемся сапраўднымі спадкаемцамі эўрапейскай антычнай цывілізацыі і выводзяць наш народ у лік дваццаці-трыццаці найлепшых народаў сьвету. Беларусы — у сусьветнай эліце. Менавіта таму за часы незалежнасьці наша каманда на Алімпійскіх гульнях нязьменна займае месца ў верхняй частцы выніковай табліцы. (прынамсі займала да канчатковага заняпаду спорта ў нашы часы, меркаваньне канала)

🔗 Таксама чытайце ўрывак з кнігі "Мой Картаген" Сяргея Абламейкі - Беларусы — адзін з найлепшых народаў сьвету. Ода спорту

@supermova #мова #каляндар #менск #дынама #спорт
6👍2
🥤 Гатуем морс з журавін!

📝 Складнікі:
• журавіны – 150 г
• цукар – 120 г
• вада – 1 л

🔥 Працэс гатаваньня:
🔸 Памыйце ягады (можна выкарыстаць замарожаныя), разамніце драўляным таўкачыкам у керамічным або шкляным посудзе, адцісніце сок. Залейце гарачай вадой і кіпяціце пяць хвілін.

🔸 Працадзіце адвар, дадайце цукар, перамяшайце, давядзіце да кіпеньня і астудзіце. Дадайце раней адціснуты сок.
Морс можна піць, як астыне.

@supermova #напой #Biełaruś
8
АСТАЦЦА ЦІ ЗАСТАЦЦА? (Максім Лужанін)

Блытаюць дзеясловы (на гэты раз — празаікі!) застацца і астацца, або зусім зліваюць іхнія значэнні, хочуць абысціся адным астацца. Праўда, так гавораць на Случчыне. Але літаратурная мова — шырэйшая, яна зрабіла строгае размежаванне: «Я даганяў каня, але астаўся», значыць адстаў, не збегся. Застацца можна аднаму, або застацца за стоража, ці на другі год у тым самым класе. (М. Лужанін. Збор твораў 1981).
—————————————————————
Максім Лужанін “Роднае слова. Мова ў газеце”. 1960-1962

Часам менш упэўнена: “Застацца і як правамоцны адменьнік астацца, хоць наша мова прызнае яго найчасьцей у значэньні не пасьпець (астаўся ад цягніка) ці ў значэньні ня зьбегся, адстаў.

Астацца сов.
1. в разн. знач. остаться;
астацца ў хаце — остаться в доме;
астацца ў памяці — остаться в памяти;
2. (оказаться позади) опоздать, отстать; ◊ і следу не асталося — и след простыл; астацца без рук — остаться без рук;
астацца з носам — остаться с носом;
астацца ў дурнях — остаться в дураках;
астацца ў адной кашулі — остаться в одной рубашке; толькі мокрае месца астанецца — только мокрое место останется // К. Крапіва

📷 Pan Litoŭski — АСТАЦЦА ЦІ ЗАСТАЦЦА?

@supermova @PanLitoŭski #мова #панлітоўскі #ужываймасваё
Please open Telegram to view this post
VIEW IN TELEGRAM
8👍4🔥2
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
Палеская ластаўка

🥳 20 лістапада 1948 — нарадзілася Яўгенія Янішчыц (в. Рудка, Пінскі раён) — беларуская паэтка.

"Палескай ластаўкай" Яўгенію Янішчыц паэтычна назваў Генадзь Бураўкін. Яна сапраўды выклікала такое ўражаньне – імклівая, уражлівая, узнёслая.

Яе паэзія — гэта надлом, адчай, сум і разам з тым спадзяваньне вырвацца з палону смутнаглядзтва.

Яе гераіні, ці то зусім маладзенькая дзяўчынка, якая толькі пачынае складаць вершы, ці нью-ёркская алькагалічка — роднасныя ў сваёй безабароннасьці і з аднолькава трагічнай накіраванасьцю рушаць да свайго трагічнага фіналу.

Яе адзінота па сваёй эмацыйнай вастрыні тоесная адзіноце Ван Гога, а ў яе экспрэсіўна-набалелай паэзіі адчуваецца блізкая гэтаму вялікаму галяндцу асуджанасьць на хуткі, трагічны фінал.

📰
Чытайма поўнасьцю 20 нечаканых фактаў пра Я. Янішчыц

📚 Вершы і паэмы Яўгеніі Янішчыць можна чытаць на "Палічцы".

Ты пакліч мяне. Пазаві.
Там заблудзімся ў хмельных травах.
Пачынаецца ўсё зь любві,
Нават самая простая ява.
І тады душой не крыві
На дарозе жыцьця шырокай.
Пачынаецца ўсё зь любві –
Першы посьпех і першыя крокі.
Прыручаюцца салаўі,
І зьмяняюцца краявіды
Пачынаецца ўсё зь любві –
Нават ненавісьць і агіда...
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Сто дарог за маімі плячыма.
Пачынаецца ўсё зь любві.
А інакш і жыць немагчыма.


✍️ Яўгенія Янішчыц, "Ты пакліч мяне. Пазаві..."

@supermova #мова #паэтка #янішчыц
19👍2
Жыві, працуючы, або памры змагаючыся

«Vivre en travaillant, ou mourir en combattant ...» Гэта гучыць, можа, і ня так прыгожа, як «Патрыя о муэртэ» або «Жыве Беларусь», і ня так выразна, як «Для ўлыбкі так важны трыццаць дзьве жамчужыны», але таксама цалкам рэвалюцыйна. Жыць, працуючы, або памерці, змагаючыся, — калі выбар такі, дык ленавацца не выпадае, і тлумачальныя запіскі пісаць няма каму... А галоўнае — заяву на звальненьне ніхто не падпіша.

165 тысяч чалавек жыло ў горадзе Ліёне ў 1831 годзе. І трыццаць тысяч зь іх было занята ў ткацкай вытворчасьці. Яшчэ з трынаццатага стагодзьдзя тут пачалі вырабляць ліёнскі шоўк — як танную альтэрнатыву ўсходняму. Зрэшты, ніхто з самых знакамітых сыноў гораду — ні Каракала, ні Кляўдый, ні Сэнт-Экзюпэры, ні браты Люм’ер — да шоўку ня меў дачыненьня. Ткач ніколі не ўспрымаўся тут як герой і гарант дабрабыту. Быццам той шоўк на дрэвах расьце — трасі ды еж, ды на зіму ў слоікі закручвай.

Але 21 лістапада 1831 году на вяровачцы зь ліёнскага шоўку ледзь не павесілася мясцовая ўлада.

🗓 Чытайце каляндар Бахарэвіча - Рэвалюцыя ў чорным

📘Дарэчы, кнігі Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры па-беларуску можна знайсьці на Беларускай палічцы, а кнігу "Маленькі прынц" набыць у краме oz.by

▶️ А мультфільм па матывам кнігі з аднайменнай назвай "Маленькі прынц" знойдзеце на Кінакіпа

@supermova #мова #каляндар #кнігі #мультфільмы
Please open Telegram to view this post
VIEW IN TELEGRAM
6👍2
Лёс уніяцкай царквы ў Беларусі

🥳 22 лістапада 1936 — нарадзілася Сьвятлана Марозава (в. Ільля, Вялейскі раён), беларускі гісторык, доктар гістарычных навук.

Сьвятлана ў розны час выкладала на гістарычным факультэце ГрДУ, курсы гісторыі Беларусі (эпоха феадалізму), крыніцазнаўства, архівазнаўства, сьпецкурсы «Гісторыя культуры Гродзеншчыны (эпоха феадалізму)».

Адна з асноўных галін дасьледваньняў Марозавай – гісторыя ўніяцкай царквы на Беларусі.
Яна выдала чатыры кнігі, у тым ліку манаграфіі «Уніяцкая царква ў этнакультурным разьвіцьці Беларусі 1596-1839 гг.», вучэбны дапаможнік «Берасьцейская царкоўная унія 1596 г. у беларускай гістарыяграфіі», «Сваёй веры ламаць ня будзем». Сьвятлана выступала болей чым на 100 міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных навуковых канфэрэнцыях па розных аспэктах гісторыі ўніяцкай царквы на Беларусі.

📝 Чытайце артыкулы Сьвятланы Марозавай на pawet.net

Гродназнаўства - кніга, напісаная вядомымі гісторыкамі і краязнаўцамі, з’яўляецца цікавай спробай данесці да маладзейшага пакалення гродзенцаў подых мінуўшчыны, пазнаёміць іх з найбольш важнымі падзеямі і постацямі тысячагадовай гісторыі Горадзена – Grodno – Гродна. Гістарычнае «Гродназнаўства» – гэта аповед пра гродзенскія эпізоды біяграфій вялікага князя Вітаўта і караля Стэфана Баторыя, змагароў за вольнасць Тадэвуша Касцюшкі і Кастуся Каліноўскага, вядомых дойлідаў Пятра Міланега і Джузепе Сака, рэфарматара Антонія Тызенгаўза і славутых літаратараў Элізы.

📕 Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада

@supermova #мова #ільля #гісторыя #унія
8👍4
Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі

⚰️ 22 лістапада 2019 г. у Вільні адбылося ўрачыстае перапахаваньне кіраўніка вызвольнага паўстаньня 1863-1864 гг. Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў.

Паўстанцаў каралі сьмерцю на Лукіскім пляцы на рынкавай плошчы, іх целы рускія жаўнеры забіралі на Замкавую гару, там стаяў гарнізон імпэратарскіх войскаў. Забітых паўстанцаў хавалі наўпрост там, абліваючы целы вапнаю, Каліноўскі быў апошнім, каго пакаралі сьмерцю ў тыя часы за ўдзел у паўстаньні. Ягонае цела таксама залілі вапнаю і пахавалі там жа, дзе і ягоных хаўрусьнікаў. Хутка на тым месцы паўстала пляцоўка для крыкета.

Хавалі паўстанцаў на тэрыторыі гарнізона адмыслова, каб мясцовыя людзі ня мелі доступу да магілаў і не змаглі стварыць стыхійныя мэмарыялы паўстанцам на месцах пахаваньняў. У 2017 годзе на Замкавай гары ў Вільні распачынаюцца раскопкі масавага пахаваньня пакараных сьмерцю ўдзельнікаў Студзеньскага паўстаньня.

👀 Глядзіце цырымонію пахаваньня Кастуся Каліноўскага.

📕 Чытайце кнігу Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі

@supermova #мова #паўстаньне #лукішкі
💔62❤‍🔥1
«З Беларушчынай не разбратаўся. Гэта мой ідэал».

🥳 23 кастрычніка 1816 — нарадзіўся Арцём Вярыга-Дарэўскі (Ушацкі раён Віцебскай вобласьці) — беларускі паэт, драматург, публіцыст і дасьледнік фальклёру. Удзельнік паўстаньня 1863 г.

Арцём Вярыга-Дарэўскі пра сябе:

«З Беларушчынай не разбратаўся. Гэта мой ідэал». (13.10.1862)

Дзейнічай, працуй, аб'ядноўвай вузлом любові, вучы славіць Бога, любіць суайчыннікаў і маці-радзіму.

⚡️ Арцём Вярыга-Дарэўскі шмат сілаў і часу аддаваў культурна-асьветніцкай дзейнасьці, імкнучыся арганізаваць на Віцебшчыне народныя школы, тэатар, бібліятэкі і чытальні. У 1850-я арганізаваў у Віцебску публічную бібліятэку. Зьбіраў беларускі фальклёр. Пасылаў допісы ў газэту «Kurjer Wileński» і «Виленский вестник» (Вільня), «Słowo» (Пецярбург), часопіс «Ruch muzyczny» (Варшава). Стаў вядомы як аўтар паэм, гутарак і драматычных твораў, якія разыходзіліся ў рукапісах: паэмы «Ахульга» (тэматычна зьвязаная з барацьбой горцаў пад кіраўніцтвам Шаміля), драмы «Гордасьць», камэдый «Хцівасьць» і «Грэх 4-ы — гнеў». Першым пераклаў на беларускую мову паэму Адама Міцкевіча «Конрад Валенрод». Беларускія творы з-за цэнзурных умоў не друкаваліся, рукапісы ня знойдзены. Пры жыцьці выйшла адзіная кніга на польскай мове «Гутарка пра сваяка».

⚡️ У 1861—1862 браў удзел у патрыятычных дэманстрацыях у Віцебску, за што стаў аб’ектам пільнага нагляду жандараў. У 1863 адзін з кіраўнікоў узброенага выступленьня на Віцебшчыне. Арыштаваны 6.5.1863, амаль два гады правёў пад сьледзтвам у віцебскай турме. Першапачаткова асуджаны на пажыцьцёвую катаргу, замененую 8 гадамі катаржных работ.

Думка

"Плыві, плыві ты, Дзвіна серабрыста,
Аж там, у сама Балтыйскае мора,
І прыкаціся там, дзе душа чыста
Майго Фядола прападае з гора.
Не страш яго там маімі слязамі,
Ні аб рабятках не кажы худога,
Што па куточках хаджу з сіратамі, −
Не кажы, рэча, а пацеш мілога..."

✍️ Арцём Вярыга-Дарэўскі, "Думка"

@supermova #мова #краязнаўства #прафэсар
8👍3
НЕ БАЯЦЦА (Максім Лужанін)

Няма чаго баяцца, калі не стае слова, калі наша мова не нарадзіла яго, бяры і ўжывай найбольш блізкае паводле гучаньня і па духу. Багата слоў так і просяцца да нас з моў чэшскай і славацкай. Да прыкладу, ёсць такое не дужа зграбнае слова грузоподьёмность. Па-беларуску яго скалькавалі і атрымалася яшчэ горш: грузападымальнасць. Чэхі гавораць прасцей: ностност, і адразу ясна, колькі панясе кран або ліфт.

Мне падабаецца, што чэхі захавалі слова таемнік, хоць, відаць, няма сэнсу зараз замяняць ім шырокапашыранае — сакратар. І ўсё ж — таемнік — адразу выкладае свой змест, паказвае славянскі твар і выяўляе добрую ёмкасць. Таксама адразу ж паказваюць на падобнасць законаў словаўтварэння: дзівадла — тэатр, ківадла — маятнік. Яны вельмі блізкія да некаторых беларускіх слоў, успомнім: кавадла, правідла і інш.
—————————————————————
Максім Лужанін “Роднае слова. Мова ў газеце”. 1960-1962

Грузападымальнасьць
Носнасьць ✅️

Маятнік
Ківач

📷 Pan Litoŭski — НЕ БАЯЦЦА

@supermova @PanLitoŭski #мова #панлітоўскі #ужываймасваё
14👍3
2025/10/21 10:05:13
Back to Top
HTML Embed Code: